9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхась Марыніч: «Беларускія ўлады замоўчваюць страшныя рэчы»

Міхась Марыніч: «Беларускія ўлады замоўчваюць страшныя рэчы»

Слуханні "Чарнобыль сёння", прысвечаныя сітуацыі ў Беларусі, адбыліся 17 красавіка ў Еўрапейскім Парламенце. У парламенцкіх слуханнях узялі ўдзел дэпутаты працоўнай групы па сувязях з Беларуссю, прадстаўнікі Еўракамісіі, а таксама дэлегацыя дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пра тое, як прайшлі слуханні, прэс-цэнтр Хартыі'97 гутарыць з сябрам аргкамітэту грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", былым палітвязнем Міхасём Марынічам, што браў удзел у мерапрыемстве ў Брусэлі.

-- Міхась Апанасавіч, як прайшлі слуханні ў Еўрапарламенце?

-- Учора быў вельмі насычаны дзень. Слуханні пачаліся з самой раніцы. Пачынаў мерапрыемства віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламенту Эдвард Макмілан-Скот. Слуханні рыхтавала старшыня Камісіі Еўрапарламенту па правах чалавека Лайма Андрыкенэ. Было больш за 50 дэпутатаў. З дакладамі выступіў прафесар Юры Бандажэўскі, акадэмік Ян Нікітчанка, намстаршыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня грамадскага аб'яднання "Звяз Чарнобыль-Беларусь" Аляксандр Ваўчанін, юрыст Гары Паганяйла, дэпутат Еўрапарламенту, кіраўнік працоўнай групы па сувязях з Беларуссю Яцак Пратасевіч. Мы казалі пра дэмаграфічную сітуацыю, якая склалася сёння ў Беларусі, здароўе беларускай нацыі, што працягвае цярпець ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Прафесар Юры Бандажэўскі, раней змушаны пераехаць з Беларусі дзеля працы ў Вільню, стаў "рухавіком" усёй гэтай канферэнцыі. Ён поўны рашучасці дапамагаць роднай краіне ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай аварыі, ад якіх шмат гадоў пакутуюць беларусы.

-- Якія праблемы на слуханнях былі названы асноўнымі?

-- Самае страшнае, што смяротнасць у Беларусі ўдвая перавышае нараджальнасць. Гэта ўразіла дэпутатаў Еўрапарламенту. Прафесар Бандажэўскі ўпэўнены, што радыяцыя і сёння працягвае згубна ўплываць на здароўе беларусаў. Аднак сёння беларускія ўлады не прызнаюць існавання праблемаў, звязаных з аварыяй на ЧАЭС. Пра гэта казалі і прадстаўнікі беларускага боку, і дэпутаты Еўрапарламенту. Як можна сёння замоўчваць такія страшныя рэчы? Такая высокая смяротнасць -- няўжо гэта не праблема? Палітыка ўладаў у гэтым пытанні - цынізм у дачыненні да ўласнага народу.

Па выніках слуханняў была прынятая рэзалюцыя, якая заклікае ўлады надаваць большую ўвагу чарнобыльскім праблемам. Калі не здзейсніць захады на паляпшэнне сітуацыі, праз 10-15 гадоў колькасць насельніцтва Беларусі можа скараціцца да 6 мільёнаў чалавек. Таксама неабходна ўсталяваць міжнародны кантроль за выдаткоўваннем сродкаў, што выдзяляюцца на гуманітарную дапамогу Беларусі. Трэба зрабіць усё магчымае, каб гэтыя грошы не размяркоўваліся безнаглядна ўладамі, а ішлі пад кантролем грамадзянскай супольнасці і міжнародных структураў па сапраўдным прызначэнні. Краналася тэма беларускіх ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, якіх сёння ўлады пазбавілі практычна ўсіх ільготаў.

-- Ці абмяркоўвалася ў Брусэлі палітычная сітуацыя ў Беларусі?

-- Вядома. Бо ўсё разумеюць, што без дэмакратыі чарнобыльскія праблемы ў Беларусі не вырашальныя. Ва ўсіх выступах гучаў заклік не дапусціць фальшавання хуткіх парламенцкіх выбараў у Беларусі. Я распавёў пра грамадзянскую кампанію "Еўрапейская Беларусь", пра неабходнасць далучэння беларусаў да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Распавёў пра Дзень салідарнасці, які ладзіцца ў Беларусі 16 дня кожнага месяца. Мы ўзнялі пытанне пра палітвязняў, казалі пра неабходнасць неадкладнага вызвалення Аляксандра Казуліна і іншых вязняў сумлення, прыняцця беларускімі ўладамі 12 прапановаў Еўрапейскага Звязу.

Падчас візіту ў Брусэль я сустрэўся з генеральным сакратаром Еўрапейскага руху Хенрыкам Кронэрам і яго калегамі. Усе яны казалі пра неабходнасць прыходу ў Беларусь свабоды і дэмакратыі ды інтэграцыі нашай краіны ў Еўропу.

-- У чым унікальнасць слуханняў у Еўрапарламенце?

- Гэта зварот беларускіх дэмакратаў да еўрапейскай супольнасці, інфармаванне Еўропы аб праблемах, што мае сёння наша краіна пасля аварыі на ЧАЭС. Прынята рашэнне пра стварэнне незалежнага цэнтру, які будзе інфармаваць пра чарнобыльскія праблемы, і здзяйсняць дапамогу пацярпелым, у тым ліку і ліквідатарам. Заяўлена пра неабходнасць ладзіць такія слуханні штогод, каб тэма Чарнобыля гучала стала, бо практыка замоўчвання гэтых праблемаў не ідзе на карысць як Беларусі, так і еўрапейскім краінам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках