Еўропа занепакоена прапагандай і рэпрэсіямі супраць СМІ ў Беларусі
- 18.04.2008, 9:19
Дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) па пытаннях прэсы Эндру Макінтош заклікаў беларускія ўлады паважаць права на свабоду слова кожнага грамадзяніна, асабліва журналістаў.
Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, змешчанай 17 красавіка на сайце ПАРЕ, піша БелаПАН.
"З прычыны нядаўніх жорсткіх дзеянняў праваахоўных органаў супраць журналістаў, якія асвятлялі мірную дэманстрацыю 25 сакавіка, і шматлікіх ператрусаў у журналістаў, здзейсненых КДБ па ўсёй Беларусі, я заклікаю ўлады рэспублікі вярнуць журналістам усё забраныя ў іх матэрыялы, а таксама правесці расследаванне ўсіх гэтых выпадкаў", - гаворыцца ў заяве.
Э.Макінтош падкрэсліў, што свабода выяўлення палітычных меркаванняў і атрымання інфармацыі з'яўляецца "жыццёвым элементам любога дэмакратычнага грамадства".
"Дзяржаўная прапаганда, адсутнасць свабоды СМІ і рэпрэсіі супраць свабоды думак недапушчальныя для дэмакратыі, - заявіў Э.Макінтош. - Павага да свабоды слова мусіць быць абавязковай умовай любых зменаў у дачыненнях ПАРЕ з Беларуссю, у дадатак да забеспячэння незалежнай працы судоў, надання парламенцкіх правоў дэмакратычна абранаму Нацыянальнаму сходу і адмене смяротнага пакарання".