9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзедаўшчына» у беларускім войску: сяржант выхоўваў падначаленага распаленым прасам

15

Інцыдэнт адбыўся паміж двума вайскоўцамі размешчанага пад Берасцем батальёна радыёэлектроннай барацьбы.

Як піша "КП в Беларуси", яфрэйтар Мікалай Каўпак стаяў "на тумбачцы" днявальным па роце і папрасіў у маладога жаўнера печыва. Гэта не спадабалася сяржанту Янашу Хрыставу.

- Хрыстаў стукнуў мяне кулаком у твар, пасля гэтага яшчэ раз, - распавядае яфрэйтар, - а потым пацягнуў у бытоўку, дзе патрабаваў, каб я засунуў руку ў праём паміж дзвярыма і вушаком. Я адмовіўся.

Далей - болей. Раз'юшаны непадпарадкаваннем падначаленага 20-гадовы сяржант нагрэў прас, раздзер на грудзях яфрэйтара Каўпака кіцель і бялізну.

- Сяржант Хрыстаў схапіў распалены прас і з сілай прыціснуў да маіх грудзей, - успамінае яфрэйтар Каўпак, паказваючы адбітак на грудзях.

На гэтым здзекі скончыліся. Яфрэйтар цягам некалькіх дзён хаваў, што ў яго сур'ёзны апёк, і за дапамогай звярнуўся толькі праз пяць дзён, калі рана стала гнаіцца. Тады ж камандаванне пачало высвятляць абставіны здарэння. Справа дайшла да суду.

На працэсе пацярпелы яфрэйтар папрасіў суддзю Берасцейскага міжгарнізоннага вайсковага суду маёра юстыцыі Эдуарда Каспяровіча прызначыць крыўдзіцелю максімальна суровае пакаранне.

- Ад войска мне назаўжды засталася памяць, лекары кажуць, што адбітак праса на грудзях будзе заўсёды, - растлумачыў сваю пазіцыю яфрэйтар Мікалай Каўпак.

Сяржант атрымаў за дзядуху тры гады пазбаўлення волі, але з прысудам не згодны.

Суддзя Эдуард Каспяровіч прызнаецца, што рашэнне - 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму плюс выплата пацярпеламу кампенсацыі ў памеры аднаго мільёна рублёў і абмежаванне на займанне кіруючых пасадаў - ён вынес, сыходзячы з меркавання пацярпелага яфрэйтара:

- Упершыню ў маёй практыцы пацярпелы на судзе патрабаваў жорстка пакараць крыўдзіцеля нягледзячы на тое, што яны раўналеткі і разам прыйшлі на службу. Сяржант з прысудам не згодны, як і яго бацькі, і, хутчэй за ўсё, паспрабуе яго абскардзіць.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках