9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адышоў яшчэ адзін Герой нацыянальнага супраціву

10

На 88-м годзе жыцьця адышоў вэтэран беларускага вызвольнага руху Андрэй Вайтовіч. Яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам 1 красавіка на слонімскіх могілках.

Калісьці пра яго лёс пісала «Наша ніва» (Дэсант у няпэўнасьць, 1997, 24 сакавіка). Малады настаўнік, сябра Беларускай незалежніцкай партыі Вайтовіч напрыканцы 1943-га становіцца вайскоўцам наваградзкага швадрону Барыса Рагулі. Адначасова дапамагае зброяй і боепрыпасамі свайму сябру, таксама беларускаму патрыёту, які ўдзельнічаў у польскім антынацысцкім супраціве. Летам 1944-га разам з каханай дзяўчынай адступіў зь Беларусі, яны выпадкова патрапілі ў беларускі дэсантны батальён і пасьля кароткай падрыхтоўкі былі скінутыя на парашутах на бацькаўшчыну. Б. Рагуля загадаў Вайтовічу не выконваць нямецкіх загадаў, а арганізоўваць кансьпірацыю БНП.

У верасьні 1944—га яго выдаў чэкістам здраднік. Вайтовіча катавалі, ён абвесьціў галадоўку ў менскай «амэрыканцы», яго вывелі зь яе прымусова. Пасьля былі доўгія гады зьняволеньня.

У Беларусь Андрэй Вайтовіч вярнуўся ў 1960 годзе, жыў пад наглядам у Слоніме. Ён сябраваў з Ларысай Геніюш, дапамагаў ёй.

«Вы не забыліся, не пакінулі мяне ў найцяжэйшыя дні», — пісала яна Вайтовічу ў жніўні 1980 году.

Да сваіх апошніх дзён Андрэй Вайтовіч заставаўся шчырым беларускім патрыётам, цікавіўся жыцьцём краіны, быў падпісчыкам недзяржаўнай прэсы. Ужо хворы і слабы, Вайтовіч, як прафесійны будаўнік, дапамагаў аднаўляць праваслаўны сабор.

Сьветлая памяць!

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках