9 чэрвеня 2026, aўторак, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чарнобыльскі шлях» пачнецца 26 красавіка каля Акадэміі навук

5

«Чарнобыльскі шлях» пачнецца 26 красавіка ў 14.00 каля будынку прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Такое рашэнне было прынятае 22 красавіка на паседжанні аргкамітэту па правядзенні акцыі.

Пасля гэтага ўдзельнікі «Чарнобыльскага шляху» намераныя прайсці па вуліцы Сурганава да храма-помніка ў гонар іконы Божай Маці «Спагнанне загінуўшых» на скрыжаванні вуліц Карастаянавай і Арлоўскай. Каля царквы будзе абвешчаная хвіліна маўчання. Праводзіць там мітынг не плануецца.

Сёння ў прэс-канферэнцыі ў Менску, прысвечанай «Чарнобыльскаму шляху», прынялі ўдзел прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Рынкевіч, намеснік старшыні руху «За свабоду» Віктар Карніенка і старшыня зарэгістраванай ва Ўкраіне грамадскай арганізацыі «Саюз Чарнобыль-Беларусь» Аляксандр Ваўчанін.

«Негледзячы на тое, што «Чарнобыльскі шлях» - дазволеная акцыя, улады ўсяляк замінаюць правядзенню інфармацыйнай кампаніі, караюць тых, хто распаўсюджвае інфармацыю, арыштоўваюць наклады газет і іншыя матэрыялы», - заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні руху «За свабоду» Віктар Карніенка.

Віктар Карніенка нагадаў, што былі часы, калі ўлады і апазіцыя разам працавалі над пераадоленнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, а сёняшні рэжым замоўчвае сапраўдны стан справаў, пазбаўляе ліквідатараў і людзей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, не толькі ільготаў, але і дакладнай інфармацыі.

У сувязі з гэтым, як паведаміў на прэс-канферэнцыі юрыст Ігар Рынкевіч, арганізатары прапаноўваюць акцэнтаваць увагу цяперашняга «Чарнобыльскага шляху» на трох аспектах:

1. здароўе насельніцтва (звярнуць увагу грамадства на палітыку ўладаў па рэабілітацыі людзей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях);

2. сацыяльныя гарантыі (абарона людзей, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы);

3. пратэсты супраць будаўніцтва АЭС без грамадскага кантролю і ўсебаковай незалежнай міжнароднай экспертызы;

Старшыня грамадскай арганізацыі «Саюз Чарнобыль-Беларусь» Аляксандр Ваўчанін у гэтай сувязі сказаў: «Мы хацелі б, каб у шэсці прынялі ўдзел не толькі простыя грамадзяне, але і прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, ураду і «палаты прадстаўнікоў». Па меркаванні Ваўчаніна, удзел ці няўдзел уладаў прадэманструе грамадству сапраўднае стаўленне цяперашняга беларускага кіраўніцтва да праблемаў Чарнобыля.

«Дэпутаты Еўрапарламента пагадзіліся, што наступствы Чарнобыльскай катастрофы да гэтай пары не пераадоленыя і носяць вельмі сур’ёзны характар, а беларускія ўлады толькі дэкларуюць клопат аб здароўі жыхароў забруджаных тэрыторыя, а на самой справе спрабуюць паменшыць і схаваць рэальнае становішча рэчаў», -- адзначыў старшыня грамадскай арганізацыі «Саюз Чарнобыль-Беларусь».

У якасці прыклада стаўлення дзяржавы да Чарнобыльскай катастрофы ў іншых краінах Ваўчанін прывёў Украіну і Ізраіль. «Ва Ўкраіне, грамадскай арганізацыі, якая займаецца Чарнобыльскімі праблемамі, прадастаўленае памяшканне ў Адміністрацыі прэзідэнта на адным паверсе з кабінетам Юшчанкі. А ў Ізраілі, краіне, якой ніяк не датыкнулася аварыя на ЧАЭС, Кнэсет (парламент – заўв. Хартіі'97) прыняў закон, паводле якога ліквідатары аварыі на ЧАЭС прыроўненыя ў правах да ўдзельнікаў вайны і іншых баявых дзеянняў, а гэта сур’ёзныя медыцынскія ільготы і іншыя сацыяльныя гарантыі», - падкрэсліў Ваўчанін.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках