Сяргей Філімонаў: «Беларуская эстрада завісла паміж скокамі ў арабскім бардэлі і Дыснэйлэндам»
22- 23.04.2008, 11:07
Больш за 15 гадоў тэлепраграма "Вiдзьмо-нявiдзьмо", што стала падзеяй на айчынным ТБ, знаёміць беларусаў з асноўнымі тэндэнцыямі сусветнага шоў-бізнэсу, распавядае пра культуры і звычаі розных народаў.
За гэты час шматкроць змянялася і тэхналогія вытворчасці перадачы, і каманда стваральнікаў. Нязменным застаецца толькі яе аўтар і вядучы - Сяргей Філімонаў. TUT.BY даведаўся ў яго, ці ёсць у Беларусі шоў-бізнэс і чаму свае праграмы ён робіць выключна па-беларуску.
- Сяргей, з чаго пачалося ваша захапленне шоў-бізнэсам?
- У савецкія часы больш-менш падрабязна працаваць з гэтай тэмай маглі толькі крытыкі "буржуазнай" культуры. Яны былі "байцамі ідэалагічнага фронту", г.зн. выпускнікамі гістфакаў, якім я і стаў. "Закрытыя" прагляды фільмаў наведваў яшчэ з пачатку 70-х гадоў. Тое ж датычыць і музыкі. Магу лічыць сябе заўзятым меламанам з больш чым 30-гадовым стажам, бо свой першы фірмовы вініл - легендарны альбом "Pink Floyd" "Цёмны бок месяца" - паставіў у калекцыю ў канцы 1973 года.
- Наколькі цяжка і стратна рабіць "Вiдзьмо-нявiдзьмо"?
- Перадусім, трэба дэталёва разбірацца ў актуаліях сусветнага шоў-бізу, каб знайсці і адабраць самае новае, незвычайнае, цікавае, прычым з мінімальнымі выдаткамі. У сярэдзіне 1990-х мы мелі права на трансляцыі Фэшн-узнагародаў, Оскараў і Грэмі, калі нават Расея іх не паказвала. Але потым засяродзіліся на працы з міжнароднымі інфармагенцтвамі, якія рассылаюць "сырыя" прома-матэрыялы (фрагменты прэзентацый, інтэрвію, кліпы ці іх фрагменты), якія і лягаюць ў аснову нашых сюжэтаў.
- Столькі гадоў распавядаючы пра жыццё сусветнага шоў-бізнэсу, вам не хацелася ўжывую папрацаваць з зоркамі кіно, музыкі?
- У свой час я пабываў на кінафэстах у Сочы, Берліне, але хутка зразумеў, што гэтыя паездкі перашкаджаюць аналітычнай працы і разуменню аб'ектыўнай карціны. Асабістыя гутаркі і сустрэчы, да прыкладу, з кімсьці са стваральнікаў фільмаў, перашкаджаюць цвяроза ацаніць працы іх паплечнікаў, з якімі ты не пазнаёміўся. Некаторыя калегі любяць менавіта падарожнічаць, а перадачы робяць амаль у апраўданне: "Файна патусаваліся. Ну, і наздымалі нешта…" Я жа ўдосталь наездзіўся па свеце яшчэ ў перабудоўныя часы, калі працаваў з турыстамі. Таму адмовіўся ад творчых выправаў без усялякага шкадавання.
Да таго ж, у апошнія гады кінафэсты спрэс пазбавіліся першапачатковага прома-значэння. Да 1990-х гадоў і надыходу эры інтэрнэту прызы Венецыі, "Оскару", "Залатога Глобусу", "Бафту", Берліна і Канаў спрыялі павелічэнню пракатных збораў фільмаў адсоткаў на 25-30, зараз - за выключэннем, мабыць, "Оскару" - не ўплываюць ніяк. Таму ўпэўнены, стварэнне тлумачальнай агляднай ТБ-праграмы ў сучасных умовах выключае тусоўкі па гарадах і вёсках. Гэта крыху іншы жанр, чым ток-шоў ці нататкі вандроўцы.
- "Вiдзьмо-нявiдзьмо" - адзін іх апошніх "беларускамоўных" магіканаў на айчынным ТБ. Гэта ваша аўтарская пазіцыя?
- Ведаеце, у дзяцінстве мне вельмі падабалася кніжка "Апошні з магіканаў" Фенімора Купера. Пра індзейцаў. Вось ніколі ўжо не думаў прымяраць гэтую назву да сябе… Ці аўтарская гэта пазіцыя? Так. А ў якой краіне мы ўласна жывем?! Упэўнены, у нас мусіць быць цалкам беларускамоўны тэлеканал. І ўсе самыя прэстыжныя тэлетрансляцыі з розных краінаў на ім мусяць каментаваць нашы адмыслоўцы. Па-беларуску. На рускай мове гэта выдатна робяць шматлікія медыі нашай усходняй суседкі.
- Калі не сакрэт, адкуль у вас такая натуральная беларуская мова?
- Мяне выхоўвала бабуля. У яе сям'і расло сямёра дзяцей. І усё, апрача адной з дочак, настаўніцы рускай, размаўлялі па-беларуску. Ужо потым, у савецкай школе, было цікава адкрываць для сябе, што столь - гэта “потолок”, дах – “крыша”, брама – “ворота”…
- Наша ТБ і эстраду апанавалі разнастайныя расейскія клоны, калькі. Ці ёсць у Беларусі ўласны шоў-бізнэс?
- Вядома, не! Ён толькі пачынае фармавацца, і вынікі гэтага працяглага працэсу стануць бачны толькі пасля з'яўлення больш-менш прадказальнага рынку. Калі пераважная частка насельніцтва будзе жыць вышэй за рысу галечы і зможа фармаваць уласныя запыты рублём. Калі на змену адміністратарскай "густаўшчыне" прыйдуць натуральная канкурэнцыя і адбор. Зразумейце, усе працэсы ў культуры, у рэшце рэшт, вызначае эканоміка!
Прасцей кажучы, шоў-бізнэс - гэта калі людзі цалкам забяспечваюць сябе за кошт прафесійных заробкаў. Мастацкая самадзейнасць - калі ў іх уліваюць бюджэтныя або спонсарскія сродкі. Дык вось, поп-культура Беларусі - гэта мастацкая самадзейнасць, адна частка якой заахвочваецца і прасоваецца дзяржавай, а іншая, больш таленавітая і самастойная, знаходзіцца ў цяню. Увогуле, мастацкі ўзровень і расейскай, і беларускай эстрады завіс дзесьці пасярэдзіне паміж "скокамі ў арабскім бардэлі" і "Дыснэйлэндам". Натуральна, на сусветны шоў-біз яны ніяк не ўплываюць.
- Што неабходна для прасоўвання беларускіх артыстаў на сусветную арэну?
- Нават галоўныя прадусары свету не заўсёды ведаюць, як найлепш прадаць новыя запісы Майкла Джэксана. А вы жадаеце атрымаць бясплатны і, галоўнае, дзейсны рэцэпт прасоўвання "пешак у дамкі". Усё - індывідуальна. Адзінае, што можна сказаць упэўнена: буйныя музычныя лэйблы ўсё больш робяць стаўку не на прадусарскія праекты, а на пошук самародкаў. Вядома, з імі працаваць цяжэй, але ж прадукт іх творчасці больш даўгавечны. Назвы ж большасці прадусарскіх праектаў згубіліся недзе ў пыле часу. Што да Беларусі, у нас нямала цікавых музыкаў і калектываў. Гэта і фолькавыя "Сёмуха" з "Палацам", рокеры, барды… Думаю, пры рацыянальным падыходзе сучасная аўтарская моладзь выдатна ўпісалася бы ў еўрапейскую музычную атмасферу.