Расея павялічыць мыту на нафту для Беларусі
6- 24.04.2008, 12:49
Мытны збор на пастаўляную ў Беларусь расейскую нафту з 1 чэрвеня 2008 года складзе 132-134 даляры за тону замест дзейнай з 1 красавіка - 113,93 даляраў за тону.
Такі разлік грунтуецца на падставе словаў намначальніка аддзела мытных плацяжоў Мінфіну РФ Аляксандра Саковіча, які паведаміў, што мыта на экспарт нафты з РФ з 1 чэрвеня складзе 395-400 даляраў за тону (замест цяперашняй 340,1 даляраў за тону), паведамляе АФН.
Нагадаем, паводле беларуска-расейскіх дамоваў мыта на пастаўляную ў Беларусь расейскую нафту ў 2008 годзе вылічваецца праз каэфіцыент 0,335 ад расейскай мыты.
Саковіч таксама паведаміў, што стаўка мыты на экспарт з Расеі светлых нафтапрадуктаў з 1 чэрвеня складзе 279-282 даляраў за тону (замест цяперашняй 241,4 даляраў), на цёмныя нафтапрадукты - 150-152 даляраў за тону (замест цяперашняй 130,1 даляраў).
Урад РФ пераглядае мыты на экспарт нафты і нафтапрадуктаў з Расеі раз на два месяцы па адмысловай формуле на падставе двухмесяцовага маніторынгу кошту на расейскую нафту маркі Urals на сусветных рынках.
Беларусь вызначае экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты ў памеры, роўным стаўкам у Расеі, уводзіць іх у дзеянне ў тыя самыя тэрміны, што і ў Расеі.