Незалежныя прафсаюзы адзначаць першамай ля Нацыянальнай бібліятэкі?
- 25.04.2008, 14:40
Заяўнікам святкавання Дня працы адмоўлена – пакуль неафіцыйна – у правядзенні Першамая ў менскім парку 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкая рэвалюцыі.
Пра гэта «Радыё Рацыя» паведаміў лідэр Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
Паводле Генадзя Фядыніча, аднаму з заяўнікаў - а ўсяго іх чатыры – прапанавалі правесці Першамай на плошчы Бангалор. “Але я сваіх людзей на Бангалор не павяду”, - сказаў прафсаюзны лідэр.
Бліжэйшым часам аргкамітэт будзе вырашаць, якім чынам адзначыць Дзень працы, калі ўсё ж Менгарвыканкам дасць афіцыйную адмову.
Зараз разглядаецца варыянт адсвяткаваць Першамай побач з афіцыйнай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, якая збіраецца адзначаць Дзень працы ля Нацыянальнай бібліятэкі.
Нагадаем, у гэтым годзе апазіцыя вырашыла адмовіцца ад правядзення традыцыйнага першамайскага шэсця і сабралася адзначыць Дзень працы культурна-масавымі мерапрыемствамі ў парку 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Аргкамітэт, у які ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу суб’ектаў АДС, у праграме свята запланаваў не толькі выступы вядомых палітыкаў, але таксама творчых калектываў і спартовых каманд.