«Камуналка» можа падаражэць адразу на 20 даляраў
6- 28.04.2008, 8:27
У Мінфіне распрацаваны праект бюджэтна-падатковай палітыкі, у якім вядзецца, што тарыфы ЖКГ у 2009 годзе трэба падвысіць адразу на 20 даляраў. За стандартную двухпакаёвую кватэру сям'я з трох чалавек у ацяпляльны сезон будзе аддаваць больш за 80 даляраў на месяц.
Міністр ЖКГ Уладзімір Белахвостаў: "У нас свая краіна, свае кошты - да іх трэба прывязвацца"
- Даляр як мера ацэнкі аплаты жыллёва-камунальных паслуг сябе вычарпаў. Пяць даляраў, дваццаць даляраў…Я нават каментаваць не буду. Не ведаю, хто гэта сказаў, - пракаментаваў "КП в Беларуси" Уладзімір Белахвостаў інфармацыю пра падаражэнне.
- Але была ж раней усталёўка - рост камуналкі не больш чым пяць даляраў на год!
- Працавалі так пяць гадоў, і гэтая практыка сябе апраўдала. Даляр не падаў, насельніцтва прызвычаілася весці бухгалтэрыю ў далярах і рублях…
- Мы і далей так вядзем!
-Пара сканчаць. Прызвычаіліся - даляр, даляр… Ён падае, тады хадзем да еўра? Да расейскага рубля? У нас свая краіна, свае кошты і заробкі, да іх трэба і прывязвацца.
- Як?
- Мінжылкамгас з Акадэміяй навук выпрацоўвае пытанне пра ўвядзенне яшчэ аднаго сацыяльнага стандарту ў Рэспубліцы Беларусь - на ўтрыманне квадратнага метра агульнай плошчы жытла з улікам складу сям'і. На першым месцы ў разліках будзе заробак. Прычым не агульны, а з улікам малааплатных катэгорый. Разлік будзе весціся з рэальных магчымасцяў грамадзян заплаціць. Мы вызначылі сацыяльны стандарт на здзяйсненне фінансавай дапамогі на ўтрыманне жытла ў выглядзе безнаяўных жыллёвых субсідыяў (калі на камуналку ў гарадской сям'і ідзе больш чым 20% ад прыбытку, дзяржава дапамагае з аплатай. - Рэд.). Зараз трэба пайсці далей, вызначыць, колькі чалавек мусіць плаціць за жытло.
- І колькі?
- Калі на ўтрыманне жытла сыходзіць больш чым 15 адсоткаў (на вёсцы) і 20 адсоткаў (у горадзе) ад прыбытку сям'і, гэта ненармалёва. Людзі проста не заплацяць.
ДУМКА «ЗА»
«Мне надакучыла чуць папрокі ў пазыках»
Алена МІРОНАВА
Асабіста я за тое, каб кошты на паслугі ЖКГ раз і назаўжды ўзнялі да 100 адсоткаў ад іх кошту. Па-першае, я жадаю рэальна ацэньваць свае выдаткі і прыбыткі. І толькі аплачваючы паслугі цалкам, прымушу сябе ашчадна ставіцца да электрычнасці, газу, вады. Па-другое, заплаціўшы 100 адсоткаў, я змагу выказаць прэтэнзіі ЖЭСу ў выпадку, калі якасць паслуг мяне не задаволіць. А па-трэцяе, мне надакучыла чуць, што я па жыцці камусьці вінна і чагосьці недаплаціла.
ДУМКА «СУПРАЦЬ»
«Я і так за ўсё плачу сама»
Вольга УЛЕВІЧ
Ды не згодна я за ўсё сама плаціць! Я і так за ўсё сама плачу! Прадукты ў Беларусі ўжо каштуюць, як у краінах Еўразвязу. Ужываныя аўта, на якіх ездзяць усе беларусы, танней у Літве і Польшчы. Кошт за квадратны метр жытла ў Менску, як у Берліне. Лекавацца бясплатна я ўжо даўно не рызыкую. У дзіцяці і ў бабулі льготы на праезд адабралі. А я кожны дзень чую, што Беларусь - сацыяльна арыентаваная дзяржава. Асабіста для мяне камуналка - адзінае месца, дзе гэтая арыентацыя пакуль бачна.