«Чарнобыльскі Шлях» – да плошчы Незалежнасці
68- 3.04.2008, 15:01
У Менску прайшло паседжанне аргкамітэту па падрыхтоўцы «Чарнобыльскага Шляху». Вызначаны час правядзення і маршрут акцыі.
Прынятае рашэнне прызначыць збор удзельнікаў мерапрыемства 26 красавіка а 14 гадзіне каля Акадэміі Навук. Шэсце плянуецца ладзіць па галоўным праспэкце да плошчы Незалежнасці, паевдамляе сайт milinkevich.org.
Намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка лічыць выбар маршруту вельмі сымбалічным:
— Па такім самым маршруце адбыўся першы «Чарнобыльскі шлях» у 1989-м годзе. У ім бралі ўдзел навуковец АН СССР спадар Яўген Веліхаў, вядом беларускі пісьменнік і Грамадзянін сваёй краіны Алесь Адамовіч, палітык Станіслаў Шушкевіч. Вельмі важна, што і народ, і палітычныя партыі, і беларускія ўлады у той час сыходзіліся ў ацэнках наступстваў катастрофы. Людзі кансалідаваліся і акцыя праходзіла без канфрантацый.
Сёлетні «Чарнобыльскі Шлях» вырашана правесці пад лёзунгамі нязгоды з будаўніцтвам АЭС без грамадзкага абмеркавання і кантролю, патрабавання належнай аховы здароўя насельніцтва і супраць адмены сацыяльных гарантый пацярпелым ад катастрофы, у тым ліку ліквідатарам.
Заяўку ў Менгарвыканкам, якая будзе пададзена да серады наступнага тыдня, падпішуць старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ды прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый.