25 красавiка 2024, Чацвер, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казулін ужо не спадзяецца на датэрміновае вызваленьне

Палітвязьня Аляксандра Казуліна ў калёніі наведаў адвакат Зьміцер Гарачка. Што стала вядома пра стан здароўя палітыка і якія пэрспэктывы ягонага датэрміновага вызваленьня?

Сустрэча адваката Зьмітра Гарачкі з Аляксандрам Казуліным доўжылася болей за гадзіну. Па словах адваката, палітык "адчувае сябе сярэдне", паведамляе "Радыё Свабода".

У Аляксандра Казуліна шэраг хранічных захворваньняў, якія абвастрыліся пасьля 53-дзённай галадоўкі ў канцы 2006 году. Больш за паўгода пасьля галадоўкі Аляксандру Казуліну дазвалялі ў калёніі дыетычнае харчаваньне, але потым гэты прывілей скасавалі. “У турэмную сталоўку Аляксандар Казулін па-ранейшаму ня ходзіць, харчуецца тым, што яму дасылаюць сваякі”, — кажа адвакат Гарачка.

Зьміцер Гарачка пацьвердзіў зьвесткі пра тое, што ў калёніі ўзмацнілася інфармацыйная ізаляцыя ягонага падабароннага. Ранейшае актыўнае ліставаньне Казуліна з адрасатамі на волі амаль спынілася. Лісты даходзяць, але апошнім часам вельмі рэдка ды зь вялікімі затрымкамі.

Зьміцер Гарачка кажа, што Аляксандар Казулін на датэрміновае вызваленьне “ўжо не разьлічвае”. Паводле адваката, і адміністрацыя калёніі “наўрад ці будзе ставіць пытаньне пра такое вызваленьне”.

Аляксандар Казулін раней быў апошнім у сьпісе шасьці палітвязьняў, якіх беларускія ўлады абяцалі вызваліць, каб палепшыць адносіны з ЗША. За некалькі месяцаў пяць чалавек з гэтага сьпісу выйшлі на волю, апошнім — у сярэдзіне лютага — Зьміцер Дашкевіч. У канцы лютага, калі Аляксандра Казуліна на тры дні адпусьцілі на пахаваньне жонкі Ірыны, шмат хто не выключаў, што неўзабаве будзе прынятае рашэньне пра датэрміновае вызваленьне і Аляксандра Казуліна.

Аднак дагэтуль, ужо болей за два гады, экс-кандыдат на прэзыдэнта знаходзіцца ў калёніі. Урад ЗША і кіраўніцтва Эўразьвязу працягваюць патрабаваць, каб беларускія ўлады вызвалілі Аляксандра Казуліна, а таксама спынілі рэпрэсіі супроць іншых апазыцыянэраў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках