9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Туркменістан пашырае супрацу з НАТА

Учора ў Ашхабад прыехаў спецыяльны прадстаўнік генеральнага сакратара НАТА па краінах Цэнтральнай Азіі і Каўказа Робэрт Сіманс. Асноўнай тэмай на перамовах з кіраўніцтвам Туркменістана стане пашырэнне супрацы краіны з Альянсам.

Туркменістан - другая краіна, якую наведаў спецпрадстаўнік генсака НАТА Робэрт Сіманс. У межах свайго цэнтральнаазіяцкага турнэ ён ужо пабываў у Казахстане, дзе з прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым абмяркоўваў праграму супрацы па абароне энергетычнай інфраструктуры і прасоўванню праекта будаўніцтва чыгункі Line Communication. Гэты маршрут спраектаваны праз тэрыторыі Украіны, Беларусі, Расеі, Казахстана, Узбекістана, Туркменістана і Таджыкістана. Альянс, па словах Робэрта Сіманса, па Line Communication плануе наладзіць дастаўку "несмяротных грузаў" у Аўганістан, дзе НАТА працягне кіраваць вайсковымі аперацыямі да 2011-2012 гадоў. "Пасля чаго, відаць, захавае сваю прысутнасць яшчэ на шэсць-сем гадоў для правядзення падрыхтоўкі і навучання нацыянальнага войска Аўганістана, наладжвання адміністравання", - заявіў Сіманс.

У Астане Робэрт Сіманс атрымаў згоду ўладаў на транзіт грузаў НАТА праз Казахстан. Як лічаць эксперты, праблемы не мусяць паўстаць і ў іншых краінах Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёна, паколькі натаўскія грузы будуць разглядацца як "тавары", абкладаныя транзітнымі тарыфамі. Праўда, ніводны з бакоў, які ўдзельнічае ў перамовах, пакуль не назваў пэўных лічбаў. Далей "НАТА будзе дамагацца ад транзітных краінаў дазволу на перавозку вайскоўцаў грузаў", лічыць выданне Eurasianet.

Для працягу абмеркавання гэтых пытанняў Сіманс і прыехаў у Ашхабад. Па паведамленні дзяржаўнага агенцтва TDH, за час знаходжання ў туркменскай сталіцы Робэрт Сіманс правядзе перамовы з міністрамі замежных справаў і абароны. Як чакаецца, сёння яго прыме прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў. Як вядома, менавіта з ініцыятывы Робэрта Сіманса туркменскі лідэр узяў удзел у саміце НАТА 4 красавіка ў Бухарэсце. Тады ў румынскай сталіцы Бердымухамедаў абвясціў пра гатовасць пашырыць супрацу з Альянсам і прапанаваў дадатковыя міратворчыя паслугі. У прыватнасці, ён гатовы адкрыць на тэрыторыі Туркменістана лагеры для падрыхтоўкі натаўскіх блакітных касак, а таксама размясціць склады і тылавыя базы для забеспячэння войскаў НАТА. Апрача таго, Бердымухамедаў даў згоду на транзіт грузаў Альянсу па чыгунках Туркменістана ў Аўганістан. Чыгунка, пабудаваная яшчэ ў савецкі час, злучае туркменскую Кушку з паўночнымі правінцыямі Аўганістана. Альянс дзякуючы туркменскай галінцы можа дастаўляць грузы ў абыход Расеі - з Турцыі праз Грузію, Азербайджан, далей паромам праз Каспійскае мора на туркменскае ўзбярэжжа і далей - у Кушку.

У дадатак, Туркменістан цікавіць Паўночнаатлантычны альянс і як пастаўца энергарэсурсаў у Еўропу. НАТА рыхтуецца здзяйсняць новыя для сябе функцыі гаранта энергетычнай бяспекі. Досвед у гэтым кірунку маецца. Як заўважыў Робэрт Сіманс, "НАТА ўжо 40 гадоў займаецца праблемай энергетычнай бяспекі, у яе структуры існуе Агенцтва па нафтаправодах і газаправодах". "Найбольшая рызыка энергетыкі - пагроза тэрарызму", - адзначыў Сіманс. Ён паведаміў, што пад эгідай НАТА наладжаны механізм абмену профільнымі выведніцкімі звесткамі, у тым ліку з Казахстанам.

Як заўважыў у інтэрв'ю расейскай "Независимой газеце" прэзідэнт Фонда ўсходазнаўчых даследаванняў прафесар МГІМО Сяргей Лузянін, энергетычны фактар у дачыненнях Ашхабада з Вашынгтонам і Брусэлем сёння пераважае над вайсковым. "Новы лідэр Туркменістана прадэманстраваў вялікую адкрытасць і актыўнасць у перамовах з Захадам, асабліва ў тым, што датычыць будаўніцтва трубаправодаў", - сказаў Лузянін.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках