9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтобусных «зайцоў» утаймоўваў АМАП

12

З неаплаціўшымі праезд маладымі людзьмі ў Магілёве разбіраюцца пры дапамозе АМАПу.

Увечары ў салон магілёўскага гарадскога аўтобуса № 26, які следаваў ад чыгуначнага вакзала ў мястэчка Бароўка, зайшлі чацвёра нецвярозых юнакоў. Не аплаціўшы праезду, разваліліся на сядзеннях. Пацягваючы піва, яны шумна абмяркоўвалі свае нядаўнія паходжанні. Калі жа кандуктар Ларыса Антанянкова нагадала, што трэба набыць квіткі, у яе адрас пачулася нецэнзурная лаянка. Дасталася абразаў і пасажырам, што паспрабавалі ўступіцца за кандуктара, піша газета «Советская Белоруссия».

Негледзячы на абвостранае становішча ў аўтобусе, кандуктар яшчэ раз паспрабавала заклікаць агрэсіўных «зайцоў» да парадку. І тут адзін з хуліганаў — па ўзросце ледзь не ў тры разы маладзейшы за Ларысу Мікалаеўну — ударыў яе. Потым, груба адштурхнуўшы, пад гучны смех сябрукоў разбіў у салоне асвятляльны плафон.

У гэты час аўтобус падыходзіў да канцавога прыпынку, недалёка ад якога знаходзіцца база спецыяльнай роты хуткага рэагавання (АМАП). Кандуктар звязалася з дзяжурным па базе. Праз некалькі хвілінаў у салоне былі байцы роты. Але нават пасля іхняга з’яўлення «зайцы» не супакоіліся. На ўсю чацвёрку прыйшлося апрануць кайданкі і даставіць юнакоў у Кастрычніцкі РАУС Магілёва для разбору.

— Мне рэдка даводзілася бачыць настолькі «адвязанных» юнакоў, — падзяліўся ўражаннямі камандзір спецыяльнай роты хуткага рэагавання маёр міліцыі Сяргей Воўкаў. — Калі іх затрымлівалі, яны не толькі супраціўляліся байцам АМАПу, але і пагражалі ім. Калі б хлопцы іх у час не супакоілі — невядома, чым бы ўсё гэта скончылася.

Сама жа Ларыса Антанянкова нават супрацоўнікам не распавяла аб тым, што з ёй адбылося пад час змены. Калі журналісты патэлефанавалі ёй у кантрольна–кандуктарскую службу аўтобуснага парку № 1, там нічога не ведалі аб гэтым здарэнні. Не хоча абмяркоўваць Ларыса Мікалаеўна гэтую тэму і з журналістамі. Але на працу выйшла як звычайна.

— На жаль, гэта не першая пацярпелая пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, — паскардзілася ў тэлефоннай размове інжынер кантрольна–кандуктарскай службы аўтобуснага парку № 1 Ніна Віннікава. — нашых кандуктараў абражаюць амаль не кожны дзень. Ужо бывалі выпадкі, калі іх збівалі на маршруце, адной нават зламалі нос.

Зняць пабіццё Ларыса Антанянкова пакуль не паспела, таму заключэння экспертызы ў міліцыянтаў яшчэ няма. У адносінах хлопца, які ўдарыў кандуктара, узбуджаная крымінальная справа за хуліганства. З яго ўзятая падпіска аб нявыездзе. Ягоных сябрукоў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках