19 красавiка 2024, Пятніца, 12:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: «Замест безумоўнага вызвалення, мне былі прапанаваны таемныя ўцёкі з краіны»

48
Аляксандр Казулін: «Замест безумоўнага вызвалення, мне былі прапанаваны таемныя ўцёкі з краіны»

Палітвязень Аляксандр Казулін адказаў на пытанні аўстрыйскай газеты "Der Standard" падчас спаткання са сваёй сям'ёй, якое адбылося 3-5 траўня ў Віцебскай выпраўленчай калоніі. Дачка палітвязня Вольга Казуліна дала прэс-цэнтру Хартыі'97 поўныя адказы Аляксандра Казуліна на пытанні аўстрыйскіх журналістаў.

--Перадусім, шаноўны спадар Казулін, дазволіце выказаць спачуванні з нагоды сыходу з жыцця Вашай жонкі. У сувязі з гэтым і першае пытанне: Як Вы пераадольваеце гэтую цяжкую страту, асабліва з улікам таго факту, што знаходзіцеся ў зняволенні? Што надае Вам моцы?

-- Вера, сіла духу, веданне будучыні. 2 месяцы пасля смерці маёй жонкі былі вельмі цяжкія ў маім жыцці.

-- Як Вы пачуваецеся ў зняволенні? Якія ўмовы Вашага побыту ў калоніі? Чаго Вам больш за ўсё не стае?

-- Дзе б я ні быў, я заўсёды сябе адчуваю вольным чалавекам. Многія, знаходзячыся на волі, самі таго не ўсведамляяць - але далёка не вольныя, маюцца ў духоўнай няволі. Умовы побыту - звычайныя турэмныя беларускія. Жыхарам заходніх краінаў наўрад ці гэта зразумець. Калі б яны патрапілі сюды, то жаху іх не было б мяжы. Мне не стае актыўнай дзейнасці.

-- Чаму Вы не прынялі прапанову Лукашэнкі з'ехаць у Нямеччыну і заняцца там лячэннем жонкі? Па сутнасці, гэтая прапанова была дазволам для Вас на выезд з краіны з мэтай атрымання на Захадзе палітычнага прытулку...

-- Трэба судзіць не павярхоўна, а паглыбіцца ў сутнасць гэтай прапановы і паглядзець перадгісторыю. За некалькі месяцаў да гэтай прапановы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі спадар Вайс настойліва рэкамендаваў маёй сям'і, каб яны пераканалі мяне напісаць прашэнне аб памілаванні. Не выключаю, з добрых памкненняў, зважаючы за галоўнае маё вызваленне, любым коштам. Але ў гэтым ён памыляўся. Гэта было б, пра што я тады і цяпер публічна заяўляў і заяўляю, абразай мяне, маёй сям'і, майго народа і маёй барацьбы. Гэта б значыла ўкленчыць перад тыранам. Публічна растаптаць маральнасць, духоўнасць, - тое падмуркавае, асноўнае, што ёсць у чалавеку і ў грамадстве і чаго больш за ўсё баіцца Лукашэнка, таму што цалкам гэтага пазбаўлены.

Пасля мне прапанавалі з'ехаць у Нямеччыну. Замест безумоўнага вызвалення, мне былі прапанаваны фактычна таемныя ўцёкі з краіны або прыгожа абстаўленая дэпартацыя. Граючы на самых святых пачуццях, пад прыкрыццём здароўя маёй каханай жонкі, улады спрабавалі растаптаць тое найкаштоўнае і найсвятое, што ёсць у чалавека і ў чарговы раз паказаць, што ў гэтым свеце ўсё купляецца і прадаецца.

Але ні я, ні мая сям'я не маглі так нізка ўпасці. Я гэта кажу ўслых, бо ўжо мінула досыць часу, а Нямеччына па-ранейшаму не выяўляе выразна сваю пазіцыю, хоць з'яўляецца адным са слупоў ЕЗ. Мне вельмі цікава, што возьме верх: мараль, фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці ці цвёрды прагматызм.

Шмат у чым ад гэтага залежыць і будучыня самой Еўропы. Бо менавіта ў такія крытычныя моманты і выяўляецца сапраўдная сутнасць. Трэба задаць пытанне ўраду Нямеччыны пра матывацыю гэтай прапановы, каму ён хацеў дапамагчы -- мне ці камусьці іншаму? Дарэчы, на пахаванні маёй жонкі да мяне падышоў спадар Вайс і сказаў, што ўсё будзе добра. Цікава, што пад словам "добра" разумеў спадар Вайс і для каго добра?

Спадзяюся, што, як і я, - безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, нас цяпер ужо зноў трое, і дэмакратызацыю Беларусі.

Атрымалася, што мяне і волі пазбавілі, і забралі самае дарагое, што ў нас было: жонку і маці. Як вы разумееце, па-першае, на гэты перыяд маёй жонцы ўжо не трэба было лячэнне ў Нямеччыне, што і пацвердзілася яе хуткай смерцю. Па-другое, у Нямеччыне мне былі абяцаны ўсе зямныя выгоды і залатыя горы ў абмен на невяртанне ў краіну.

Але, абраўшы шлях барацьбы, я не выключаў і турмы. Калі б я хацеў з'ехаць куды-небудзь і не патрапіць у турму, то я б загадзя гэта зрабіў (бо загадзя быў папярэджаны пра рыхтаваны арышт). Я - сын свайго беларускага народа і ўвесь шлях прайду са сваім народам і да канца, якім бы ён цяжкім не быў. Дзеля будучыні сваёй краіны і будучыні свайго народа. Асабіста мне нічога не трэба.

-- Чаму пасля падзеяў у Беларусі ў 2006 годзе Лукашэнка ўзлаваўся менавіта на Вас?

-- Лукашэнка можа злавацца толькі на тых, хто для яго з’яўляецца рэальнай пагрозай і небяспекай. Ён добра ведае, на што я здольны. Ён выдатна ўсведамляе, што яму мяне не адужаць у любым адкрытым супрацьстаянні.

-- Што пасля тых падзеяў і пасля спынення наўпростай дапамогі для Менска з Масквы дае рэжыму Лукашэнкі магчымасць выжыць?

-- А няўжо не бачна, што наўпростая дапамога не спынілася? 1,5 млрд. беззваротнага крэдыту, кошт на газ у 2,5 разы ніжэй за еўрапейскі, інтарэсы расейскага бізнэсу ў Беларусі - гэта толькі тое, што на паверхні. Ды і ў дадатак яшчэ еўрапейцы сваім прагматызмам спрыяюць Лукашэнку.

-- Ці сапраўды ў Беларусі пад кіраўніцтвам А.Лукашэнкі жыццё для людзей настолькі кепскае ? У некаторых краінах былога СССР, напрыклад, у Расеі і ва Украіне, існуе думка, што пасля развалу СССР менавіта Беларусь – адзіная выспа росквіту і дабрабыту. Каму ў сучаснай Беларусі рэальна жыць добра?

-- Жыццё ў Беларусі не настолькі кепскае, але яно нашмат горш, чым магло быць (мы не параўноўваем нашае жыццё з Літвой і Польшчай, бо паміж намі бездань па ўзроўні жыцця). Жыццё ў Беларусі ўжо горш, чым у Расеі і Украіне. А з гледзішча свабодаў, захавання законнасці, правоў чалавека - сапраўды, горш не прыдумаеш. Цяперашняя ўлада фактычна і практычна здзяйсняе праўны генацыд уласнага народа. Нездарма існуе прымаўка: "Калі жадаеш сесці - едзь у Беларусь, калі жадаеш сесці хутка - едзь у Менск". Калі глядзець беларускае тэлебачанне, чытаць дзяржаўныя СМІ, то Беларусь – выспачка дабрабыту ў СНД. А насамрэч, Беларусь - запаведнік замшэлага мінулага ў бліскучай прапагандысцкай абгортцы.

Каму тут жыць добра? Часова добра жыць шматлікім высокапастаўленым чыноўнікам, асабліва набліжаным да Лукашэнкі. Высокапастаўленым прадстаўнікам сілавых структураў. Усёдазволенасць і беспакаранасць разбэшчвае, стварае ілюзію росквіту і дабрабыту. Але, ні ў каго з іх няма будучыні, і яны гэта выдатна разумеюць. Таму і імкнуцца жыць як у апошні дзень, забіраючы ад жыцця ўсё, што можна і ўсё, што нельга. Пагатоў, ніхто з іх не можа быць упэўнены ні на хвіліну, што заўтра не апынецца ў турме.

-- Ці ёсць цяпер у Беларусі дзейная і дзейсная апазіцыя? Што апазіцыя прапаноўвае ў якасці альтэрнатывы Лукашэнку?

-- У Беларусі расце самасвядомасць народа. Лукашэнка нам дадзены менавіта для прарыву ў свядомасці. Апазіцыя вельмі хутка зменіцца. Да гэтага ёсць усе перадумовы. У адрозненне ад цяперашняй улады, мы прапаноўваем грамадству не кансервацыю мінулага, а імклівы рывок і ўзыходжанне да будучыні.

-- Ці адчуваеце Вы і Вашыя прыхільнікі падтрымку Захаду? Ці не забылася на Вас інтэрнацыянальная супольнасць? Што можна зрабіць для падтрымання дэмакратыі ў Беларусі?

-- Падтрымку адчуваю. Мне пішуць практычна з усяго свету. І гэтых лістоў нават больш, чым ад беларусаў. Што да падтрымкі Захаду, Захад мусіць вызначыцца і зразумець, што Лукашэнка - гэта выклік усёй еўрапейскай цывілізацыі. Што Лукашэнка - гэта асучасненая фашысцкая ідэалогія, гітлераўскі парадак, які ён ацаніў як ідэал прэзідэнцкай рэспублікі для Беларусі ў адным з першых інтэрв'ю -- нямецкай газеце. Фактычна ўсё гэта ён ужо здзейсніў на практыцы.

Ідэалогія "лукашызму" вельмі небяспечная. Еўропа ніяк не можа гэтага зразумець і перастаць падлагоджвацца да Лукашэнкі, як гэта было ў 30-я гады з вядомай усім змрочнай персонай. Як толькі Лукашэнка будзе ўспрыняты, як выклік усёй цывілізацыі і выклік усім фундаментальным асновам чалавечага грамадства - толькі тады еўрапейцы змогуць знайсці рашэнне. Амерыканцы зразумелі гэта значна раней і цяпер вядуць абсалютна слушную палітыку адносна Лукашэнкі. З Лукашэнкам можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы. Самае галоўнае - еўрапейцы мусяць скансалідавацца, быць адзінымі і не падлагоджвацца да Лукашэнкі. Інакш ён усё роўна іх абдурыць.

Апрача таго, мы перадалі ў Раду Еўропы маю крымінальную справу, па якой спадар Ван дэр Ліндэн абяцаў зладзіць незалежную экспертызу. Мы справу перадалі яшчэ ў лістападзе 2007г., выніку дагэтуль няма.

У сваім звароце да "парламенту" Беларусі Лукашэнка ўсё пазначыў, што трэба рабіць Амерыцы і Еўропе. Ён панічна баіцца, што адбудзецца кансалідацыя ЕЗ і Амерыкі. Таму ўвядзенне эканамічных санкцый цалкам абяззброіць Лукашэнку. Бо ён наўпрост заявіў, што Еўропа на шкоду сабе эканамічныя санкцыі не ўвядзе (што прагматызм еўрапейцаў возьме верх). Еўропе трэба паказаць беларусам і ўсяму свету, што ёсць рэчы важнейшыя за эканоміку. Менавіта на іх трымаецца чалавецтва. Гэта фундаментальныя каштоўнасці, якія таптаць нікому не дазволена: маральнасць, духоўнасць, людскасць, спагада, літасць.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках