Аляксандр Сасноў: «У парламент можа патрапіць толькі «кішэнная» апазіцыя»
2- 21.05.2008, 11:57
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што быў бы нават рады пабачыць у "парламенце" хоць некалькі апазіцыянераў.
Ці патрапіць апазіцыя ў "палату прадстаўнікоў" і ці трэба ёй туды ісці, прагназуюць эксперты «Завтра твоей страны».
- Апазіцыя ў парламент дапушчана не будзе, а калі туды і патрапяць нейкія людзі, пра якіх скажуць, што гэта - апазіцыя, насамрэч гэта будуць персоны згодніцкага кшталту, - лічыць экс-старшыня "савета рэспублікі" "нацыянальнага сходу" Беларусі Аляксандр Вайтовіч.
- У "палату прадстаўнікоў" можа патрапіць толькі "кішэнная" апазіцыя кшталту Вольгі Абрамавай. Да таго ж, у нязначнай колькасці, - лічыць былы міністр працы Аляксандр Сасноў.
На думку эксперта "Завтра твоей страны", зроблена гэта можа быць толькі з адной мэтай - адлюстраваць, што апазіцыя ў "палаце прадстаўнікоў" прысутнічае.
- Насамрэч, ані апазіцыя, ані парламент Лукашэнку не патрэбныя. Ён проста хоча зрабіць выгляд, што ён такі ж дэмакрат, як і ўсё астатнія, нічым не горшы, і што ніякі ён не тыран і не дыктатар, - упэўнены Аляксандр Сасноў. - Лукашэнка нават не даспеў для стварэння партыі ўлады, ягоны настрой заўжды антыпартыйны, што і выявілі яго апошнія рэзкія выказванні ў адрас арганізацыі "Белая Русь", што пазіцыянуе сябе як прапрэзідэнцкае ўтварэнне.
На думку старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, для пачатку трэба зразумець, што, у гэткім выпадку, разумеецца пад словам "апазіцыя".
- Нельга выключаць, што Лукашэнка пад гэтым брэндам мае на ўвазе нейкіх асобаў або структуры, якія ніяк не дачыняюцца да Аб'яднаных дэмакратычных сілаў - сённяшняй скансалідаванай апазіцыйнай беларускаму рэжыму структуры. Калі вядзецца, напрыклад, пра Гайдукевіча, тады мы кажам пра розныя рэчы, - сцвярджае палітык. - А па-другое, гэта не навіна, што ў адміністрацыі разглядаюцца некалькі сцэнараў, у тым ліку, і "прапусціць" у "палату прадстаўнікоў" пэўную колькасць людзей - сапраўдых прадстаўнікоў Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Вядома, гэта не першыя асобы арганізаваных структур. Але гэта сапраўды могуць быць людзі з дэмакратычнымі перакананнямі.
На думку лідэра АГП, гэтыя людзі будуць нешматлікімі, яны не будуць пагражаць асабістай уладзе цяперашняга кіраўніка дзяржавы.
- Але гэта дало б магчымасць дэманстраваць іх як музейны экспанат падчас прыезду сюды замежных дэлегацыяў, - адзначае Анатоль Лябедзька. - Тут ёсць пэўныя плюсы і для ўлады, і толькі таму гэтая тэма пакуль не знятая з павесткі дня.