9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У літоўскіх удзельнікаў менскага аўтасалона канфіскавалі выстаўныя аўтамабілі

17

У літоўскай кампаніі - удзельніка менскага аўтасалона - канфіскаваны два мікрааўтобусы, якія ўдзельнічалі ў выставе.

Пра гэта паведаміў "Інтэрфаксу" віцэ-міністр гаспадаркі Літвы Вітаўтас Наўдужас, які з'яўляецца кіраўніком літоўскай дэлегацыі на Беларуска-літоўскім эканамічным форуме.

"Два тыдні таму ў Менску праходзіла аўтамабільная выстава. Стэнд літоўскай кампаніі нават перамог як найлепшы стэнд, але паўсталі праблемы ў прэзідэнта асацыяцыі кэмпераў. Адабралі два кэмперы, нягледзячы на тое, што яны былі ўвезены па ўсіх правілах (кэмпер - турыстычны мікрааўтобус, абсталяваны для кэмпінгу)", - распавёў ён. В.Наўдужас папрасіў беларускія ўлады разабрацца з гэтым інцыдэнтам.

Са свайго боку, амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас удакладніў, што машыны, канфіскаваныя Дзяржаўным мытным камітэтам, адносяцца да высокага коштавага сегменту. "Літоўскія ўдзельнікі наведалі аўтасалон па запрашэнні арганізатараў, 4 дні гэтыя машыны прастаялі, а перад закрыццём да іх падышлі і сказалі "мы вашыя машыны канфіскуем", - распавёў амбасадар, дадаўшы, што ўжо 3 тыдні літоўскі бок не можа дамагчыся выразнасці ў гэтым пытанні і тлумачэння прычынаў такіх жорсткіх дзеянняў.

Да таго ж, віцэ-міністр гаспадаркі Літвы, звяртаючыся да беларускага боку, папрасіў разгледзець пытанне зняволенага ў Беларусі віцэ-прэзідэнта арганізацыі пасярэднікаў мытнікаў спадара Яблонскаса і здзейсніць "канструктыўнае рашэнне".

Амбасадар удакладніў, што парушэнне, у якім вінаваціцца Яблонскас, па літоўскіх законах можа быць пакарана "штрафам у 100 літаў" і палягае ў няслушным запаўненні мытных дакументаў. "У Беларусі ж за гэтае парушэнне саджаюць у турму. Ён ужо 3 месяцы сядзіць", - сказаў Э.Багдонас.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках