Беларуская міліцыя апранае новую форму
13- 22.05.2008, 11:19
Ужо зараз 30 чалавек з мiнскай роты патрульна-паставой службы ў якасцi эксперыменту носяць кашулi, курткi i фуражкi новага ўзору.
Акрамя новых кашуль, мiлiцыянеры носяць эксперыментальныя ўзоры фуражак i куртак. Мадэрнiзаваны варыянт верхняга адзення са святлоадбiвальнымi палосамi спераду i такiм жа надпiсам "Мiлiцыя" на спiне. Акрамя гэтага, новая куртка крыху цямнейшая за цяперашнюю.
Новымi стануць i мiлiцэйскiя шаўроны. З'явiцца шаўрон i на правым рукаве. На iм пакуль няма нiякiх надпiсаў, але плануецца, што тут будзе назва мiлiцэйскага падраздзялення.
Асноўнае новаўвядзенне можа закрануць галаўныя ўборы. Старая фуражка значна цяжэйшая за новую. Аколышак выкананы ў выглядзе святлоадбiвальнай паласы, таксама дызайнеры змянiлi кукарду i яе месцазнаходжанне на фуражцы.
Новыя ўзоры адзення ўзвод будзе насiць да пераходу на зiмовую форму. Калi за ўвесь перыяд новая форма пройдзе так званы экзамен зносам, наступным летам уся мiлiцыя прымерыць новае адзенне.