ЦВК жадае, каб місія міжнародных назіральнікаў была рускамоўнай
15- 23.05.2008, 12:53
Паміж БДІПЧ/АБСЕ і беларускім Цэнтравыбаркамам пачаліся перамовы з нагоды прыезду місіі міжнародных назіральнікаў на беларускія парламенцкія "выбары".
Як стала вядома "Народнай волі", для еўрапейскіх экспертаў нечаканым стала пажаданне беларускага ЦВК, каб працоўнай мовай місіі была руская. Як заявіў сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазовік падчас сустрэчы з кіраўніком Офіса АБСЕ у Менску Хансам-Ёганам Шмітам, прапанова матывавана тым, што беларускі бок жадае, каб "праца місіі была адкрытай і транспарэнтнай і выключала сакрэтнасць."
Пракаментаваць пазіцыю беларускага боку "Народная воля" папрасіла Мечаслава Грыба, які мае вялікі досвед правядзення незалежнага назірання за выбарамі.
-- Гэтае вельмі незвычайнае пажаданне, -- кажа Мечаслаў Іванавіч. -- У мяне ўзнікае пытанне: а чаму абрана руская мова, а не беларуская? Бо нават паводле цяперашняй Канстытуцыі першай дзяржаўнай мовай у нашай краіне ўсё ж такі з'яўляецца беларуская.
Калі казаць сур'ёзна, то гэта нонсэнс, такога я не сустракаў за ўсю сваю практыку. Міжнародныя назіральнікі ва ўсім свеце маюць перакладнікаў, і ніякіх цяжкасцяў і моўных бар'ераў не ўзнікае. Верагодна, ЦВК усімі высілкамі спрабуе абмежаваць колькасць міжнародных назіральнікаў, якія прыедуць на выбары, і таму выстаўляе моўны бар'ер. Бо гэта беларусаў можна выставіць з выбарчага ўчастку, арыштаваць, аштрафаваць, з міжнароднымі назіральнікамі беларускім афіцыйным асобам мець зносіны цяжэй. Таму і вядзецца пошук разнастайных абыходных шляхоў. Але я ўсё ж такі спадзяюся, што пажаданне беларускага боку не стане патрабаваннем. І ў АБСЕ яго могуць узяць да ўвагі, але не выканаць.