Пераможцам «Еўрабачання» стаў расейскі спявак Дзіма Білан (Відэа)
44- 25.05.2008, 2:03
Расейскі выканаўца Дзіма Білан з песняй Believe Me перамог у папулярным музычным конкурсе "Еўрабачанне", які прайшоў у ноч на нядзелю ў Белградзе.
Білан напярэдадні конкурсу лічыўся фаварытам у букмекераў. Расея раней ніколі не выйгравала гэты конкурс.
Пераможца вызначыўся падчас 15-хвіліннага галасавання тэлегледачоў з 43 краін-удзельніц конкурсу адразу пасля сканчэння канцэртнай праграмы. Галасаванне ладзілася шляхам адсылкі СМС-паведамленняў або званкоў на адмысловыя тэлефонныя нумары. З аднаго тэлефона нельга было зрабіць больш за 20 выклікаў. Дзіма Білан набраў 272 бала на галасаванні.
Другое месца на конкурсе атрымала прадстаўніца Украіны Ані Лорак з песняй "Shady Lady", напісанай Філіпам Кіркоравым. Яна набрала 230 балаў.
Трэцяе месца - у грэцкай спявачкі Каламіры, якая атрымала 218 балаў за кампазіцыю "Secret Combination".
Білан браў удзел у "Еўрабачанні" ужо другі раз. Пазалетась ён заняў другое месца.
У фінале, які прайшоў у самай вялікай на Балканах зале "Белградская арэна", выступілі выканаўцы з 25 краінаў.
"Еўрабачанне" - адно з найпапулярнейшых тэлевізійных музычных шоў у свеце, ладзіцца штогод ад 1956 года.
Нагадаем, што Беларусь сёлета не прайшла ў фінал "Еўрабачання".