Рэпрэсіі супраць праваабаронцаў: ператрусы і арышты ў Віцебску
1- 26.05.2008, 12:23
Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) у Віцебскай вобласці Павел Лявінаў прысуджаны да дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту і штрафу памерам у 700 тыс рублёў.
Як паведамляе прэс-служба БХК, такі прысуд сёння вынес суд адносна праваабаронцы. Нагадаем, Лявінаў быў затрыманы 27 сакавіка ў часе аказання праўнай дапамогі журналісту Вадзіму Баршчэўскаму, кватэру якога абшуквалі ў сувязі са справай Мініча-Марозава-Абозава (справа "аб мультыках"). Лявінаў быў абвінавачаны "у нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні" міліцыі.
Паводле афіцыйнага абвінавачання ў часе затрымання Лявінаў нібыта нецэнзурна лаяўся на маёра УУС Ігара Скарыновіча, па просьбе якога супрацоўнікамі праваахоўных органаў нават быў зроблены відэазапіс інцыдэнту. Па словах праваабаронцы ў камеру ён сказаў толькі адно: "Здыміце, што нічога падобнага я не раблю". Відэазапіс так нікуды і не прыклалі, таму што, як выявілася, камера належыць аднаму з супрацоўнікаў і тое, як ён скарыстаецца здымнымі матэрыяламі, з'яўляецца ягонай асабістай справай.
У справе ёсць і іншыя несупадзенні. Так, ператрус Паўла Лявінава здзяйсняў сам Скарыновіч, які па гэтай адміністрацыйнай справе праходзіць … сведкам.
Падчас ператрусу маёр УУС забраў у праваабаронцы прадметы і дакументы ў колькасці 66-ці найменняў. Нягледзячы на тое, што артыкул 8.9 Працэсуальна-выканаўчага кодексу аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае канфіскацыю толькі тых дакументаў, якія маюць значэнне для прыняцця рашэння па справе, прыладаў і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, маёр забраў і іншыя рэчы: візітоўку амбасадара Францыі, правы кіроўцы, гузік і інш. Выходзіць, усе гэтыя прадметы з'яўляюцца для яго пацверджаннем нецэнзурнай лаянкі.
На знак пратэсту супраць несправядлівага, на яго погляд, затрымання і абвінавачання Лявінаў абвясціў галадоўку, якая працягвалася з 27 сакавіка па 10 красавіка, і на судовыя паседжанні прыходзіў у кашулі з надпісам "Нецэнзурна не лаюся".
Нагадаем, 23 траўня на кватэру віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка ўварваліся тры супрацоўнікі КДБ, учынілі ператрус. Канфіскавалі аргтэхніку і друкаваную прадукцыю, у тым ліку каляндары, прысвечаныя 60-годдзю ААН. Самога праваабаронцу з 9 да 18 гадзін дапытвалі ў мясцовым аддзяленні КДБ. Усе гэтыя дзеянні чыніліся паводле пастановы пракуратуры аб распачатай крымінальнай справе за "распальванне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці".