29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязьня Андрэя Кіма зьмясьцілі ў карантын Бабруйскай калёніі

Палітвязьня Андрэя Кіма зьмясьцілі ў карантын Бабруйскай калёніі. У гэтай калёніі ён можа прабыць 1,5 году зьняволеньня.

Пра гэта маці палітвязьня даведалася ў спэцаддзеле калёніі.

“Я патэлефанавала туды, і сказалі, што так, ёсьць такі, і нават сказалі, што ён яшчэ не асуджаны, а “на касацыйнай скарзе”, - паведаміла Тацяна Кім “Радыё Свабода”.

Што вядома пра Бабруйскую калёнію, куды патрапіў актывіст? Бабруйскі журналіст Алесь Чыгір кажа: умовы побыту ў гэтай калёніі нядрэнныя — будынак узьведзены ў другой палове мінулага стагодзьдзя, адмыслова як турэмны. Паказчык адноснай “мяккасьці” рэжыму — тое, хто зь вядомых людзей адбывае пакараньне ў Бабруйску.

“Наколькі мне вядома, у гэтай калёніі адбывае пакараньне былы старшыня “Белнафтахіму” Аляксандар Бароўскі. Збольшага, нечага дрэннага пра ўмовы ў гэтай калёніі я ня чуў”, - кажа журналіст.

Паводле Тацяны Кім, яе сына зьмясьцілі ў карантын. Чым адметны гэты пэрыяд турэмнага зьняволеньня, патлумачыў былы палітвязень Валер Леванеўскі, знаёмы з карантынам некалькіх беларускіх калёній. Паводле спадара Леванеўскага, звычайна ў карантыне вязьня дадаткова абмяжоўваюць у ліставаньні і ў спатканьнях, але галоўнае — адміністрацыя адразу пачынае “ціснуць” на непакорных вязьняў, у тым ліку празь зьмяшчэньне ў карцэр.

“Ня ведаю, у якім ён байцоўскім настроі. Звычайна, каб чалавека зламаць, паказаць яму, хто тут гаспадар, што ты нічога ня зробіш, нават не паскардзісься, адміністрацыя ідзе і на такія захады, як зьмяшчэньне паводле надуманай прычыны ў карцэр. Ва ўсякім разе, так было пры мне”, - сцьвярджае Леванеўскі.

Цэнтральны суд Менску асудзіў Андрэя Кіма на 1,5 года зьняволеньня нібыта за напад на міліцыянта. Актывіст сваёй віны не прызнаў і абскардзіў прысуд. Калі адбудзецца разгляд скаргі Андрэя Кіма, пакуль невядома.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках