Арыштаванага экс-дырэктара «Жданавічаў» пераводзяць у кардыяцэнтр
4- 28.05.2008, 8:27
Гэтую навіну "Народнай волі" паведамілі сваякі старшыні савета дырэктараў Гандлёвага цэнтра "Ждановічы" Яўгена Шыгалава.
7 траўня Яўген Аляксандравіч патрапіў у Рэспубліканскую турэмную лякарню з падазрэннем на інфаркт.
"Дыягназ "інфаркт" сапраўды пацвердзіўся, - паведамілі сваякі Шыгалава. - Нам паведамілі, што яго вось-вось мусяць перавесці на абследаванне ў кардыялагічны цэнтр. Што гэта будзе за цэнтр - РНПЦ "Кардыялогія" ці які іншы - нам не вядома. Нам увогуле вельмі складана атрымліваць нейкую інфармацыю. Мы прасілі, каб гэта быў спецыялізаваны кардыяцэнтр, з добрымі спецыялістамі, сучасным абсталяваннем. Мы доўга дамагаліся гэтага пераводу, але толькі 27 траўня з'явілася інфармацыя, што нарэшце прынята рашэнне пра перавод Шыгалава на далейшае абследаванне - гэта ж яго трэці інфаркт".
Па ўсім відаць, у кардыялагічным цэнтры Яўген Аляксандравіч будзе знаходзіцца пад вартай. Па словах сваякоў, "меру спынення яму ніхто не змяняў".
"Мы просім, каб яго вызвалілі пад заклад, пад хатні арышт, пад заруку, пад што заўгодна - ёсць шмат розных мераў, абы ён не знаходзіўся пад вартай, - кажуць сваякі. - Чаму яго трымаюць за кратамі - гэта вялікае пытанне".
Сваякі бізнэсмэна сцвярджаюць, што ён не стаў бы хавацца ад следства і не шукаў бы прытулку ў іншай краіне. Па іх словах, Шыгалаў ведаў, што праваахоўныя органы пачалі дапытваць яго супрацоўнікаў. І калі б яму было што хаваць, ён схаваўся б ужо даўно.
З тых часоў, як Шыгалаў знаходзіцца ў Рэспубліканскай турэмнай лякарні, жонка бачылася з ім толькі адзін раз.
"Роўна два тыдні таму ёй дазволілі ўбачыць яго - далі кароткае спатканне, - кажуць сваякі вядомага бізнэсмэна. - Тады Яўген Аляксандравіч быў у цяжкім стане. Ён нават дзве гадзіны на спатканні не змог выседзець".
Нагадаем, што адносна Я.Шыгалава распачата крымінальная справа па падазрэнні ў злоўжываннях службовым становішчам, з цяжкімі наступствамі ў выглядзе шкоды экалагічнаму асяроддзю. Шыгалаў не прызнае сваю віну.