9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вядомага кардыёхірурга прысудзілі да 3 гадоў абмежавання волі

16

27 траўня суд Маскоўскага раёна Менска паставіў кропку ў адной з самых гучных справаў, звязаных з беларускімі медыкамі.

Сёння ў Беларусі нікога не здзівіш паведамленнем, што якога-небудзь лекара судзяць за атрыманне хабару. Але калі на лаве падсудных апынуўся кардыёхірург, адзін з нешматлікіх у Беларусі, хто выконвае практычна ўсе аперацыі на сэрца, справа займела шырокі рэзананс, піша "Народная воля".

У абарону Аляксандра Шкета ўсталі пацыенты і калегі. Яны пісалі лісты ў суд, у Адміністрацыю прэзідэнта і нават асабіста Аляксандру Лукашэнку. І пацыенты, і лекары былі ўпэўнены: Шкет не чыніў тых злачынстваў, у які быў абвінавачаны.

А абвінавачанні адносна Шкета былі вельмі сур'ёзныя. У справе фігуравалі некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: махлярства, неаказанне дапамогі хворым, злоўжыванне службовым становішчам, хабарніцтва. Судовыя слуханні цягнуліся чатыры з паловай месяцы. Пакуль ішлі судовыя паседжанні, Аляксандр Шкет не пераставаў апераваць. Нават на абвяшчэнне прысуду кардыёхірург прыехаў у суд пасля таго, як правёў за аперацыйным сталом 5 гадзін.

Былыя пацыенты доктара, якія прысутнічалі практычна на ўсіх паседжаннях, сцвярджалі, што падчас судовага следства не пачулі і не пабачылі доказаў віны доктара. І калі пракурор папрасіла асудзіць Аляксандра Шкета на 7 гадоў зняволення, усё ахнулі.

У сваім апошнім слове суду Аляксандр Шкет заявіў, што кваліфікуе сваё абвінавачанне як абмову. "Мяне судзяць за тое, што я дапамог пацыентам, працуючы ў складаных умовах, і пераадольваючы гэтыя цяжкасці. Я магу сказаць з поўнай адказнасцю і шчырасцю, што аддаваў пацыентам усе свае сілы і веды".

Амаль два тыдні спатрэбілася суду для вынясення прысуду па справе, якая заняла больш за 50 тамоў. 27 траўня суддзя Тамара Унукевіч вынесла прысуд: Аляксандра Шкета асудзіць на 3 гады абмежавання волі без дасылання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і без пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-размеркавальнай функцыі. Так бы мовіць, Шкета асудзілі, але не пасадзілі.

Былы намеснік СП "Мультымедыцын" Ігар Васюкевіч, які таксама праходзіў па гэтай справе, быў асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў зняволення. Але паколькі ён ужо адбываў пакаранне па аналагічным абвінавачанні (справа кардыёхірургаў 2005 года), то ў выніку тэрмін пакарання быў "згашаны". Адзінае пакаранне - суд абавязаў Васюкевіча пакрыць на карысць медпрадпрыемства больш за 3 мільёны беларускіх рублёў.

Аляксандр Шкет пасля вынясення прысуду выглядаў вельмі стомленым і прыгнечаным. Ад усіх каментароў ён адмаўляўся. "Трэба супакоіцца, абдумаць усё, а потым даваць каментары", -- сказаў Аляксандр Паўлавіч.

Адвакат кардыёхірурга Ірына Багніч заявіла, што прысудам задаволена. "З улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінавачання, якое запатрабавала для майго падабароннага 7 гадоў зняволення, -- сказала Ірына Іванаўна. -- Я расцэньваю прысуд як перамогу. Але не магу сказаць, што ўсцешана вынесеным прысудам. І думаю, што мой падабаронны пагатоў не ўсцешаны такім вердыктам".

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках