Галоўны санітарны ўрач краіны: «Калі чалавек паліць, хай лепш паліць беларускія цыгарэты»
19- 29.05.2008, 9:59
Барацьба з тытунепаленнем у Беларусі вядзецца недастаткова эфектыўна, лічаць прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Нягледзячы на тое, што наша краіна ратыфікавала антытытунёвую канвенцыю САЗ, яна не спяшаецца выконваць некаторыя з яе асноўных патрабаванняў. Адной з прычынаў з'яўляецца абарона ўрадам краіны інтарэсаў беларускай тытунёвай прамысловасці, піша "Ежедневник".
Ратыфікацыя Рамкавай канвенцыі САЗ па барацьбе супраць тытуню, здзейсненая Беларуссю ў чэрвені 2006 года, прадугледжвае выкананне ўрадам краіны шэрагу абавязанняў па пераходзе на міжнародныя стандарты адносна тытунёвай палітыкі.
Палажэнні канвенцыі прадугледжваюць выкарыстанне дзяржавай некалькіх асноўных метадаў барацьбы з паленнем. Пакуль Беларусь плённа засвоіла толькі адзін з іх – увядзенне жорсткіх абмежаванняў на рэкламу тытунёвай прадукцыі. Найзначным крокам у гэтым кірунку стала занясенне адпаведных палажэнняў у Закон аб рэкламе, што выйшаў у леташнім траўні.
"Сусветная практыка сведчыць, што пры ўвядзенні жорсткіх абмежаванняў на рэкламу тытунёвых вырабаў колькасць курцоў у краіне скарачаецца на 10-15%, - кажа кіраўнік краінавага офіса САЗ у Беларусі Ягор Зайцаў. - У Беларусі такога эфекту варта чакаць праз 5-7 гадоў, прычым нават у тым выпадку, калі больш увогуле нічога не будзе зроблена".
Аднак правядзенне антырэкламнай кампаніі з'яўляецца толькі трэцім па эфектыўнасці метадам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. З забаронай палення (яно займае другое месца) у грамадскіх месцах справы ідуць значна горш. Абвешчаная афіцыйна, гэтая забарона выявілася вельмі складанай для здзяйснення на практыцы. Асабліва павольна ідзе праца па выгнанні тытунёвага дыму з кавярняў і рэстаранаў.
"Сёння ў большасці такіх месцаў, нават калі ты не паліш, твае правы парушаюць суседзі-курцы, па віне якіх ты робішся пасіўным курцом", - кажа Ягор Зайцаў. Ён адзначыў, што для прыняцця эфектыўных захадаў па рашэнні гэтай праблемы неабходны міжсектаравы падыход, калі апрача надзвычай зацікаўленага ў барацьбе з паленнем Міністэрства аховы здароўя гэтым пытаннем будуць займацца падаткавікі, Міністэрства гандлю і іншыя ведамствы.
У той самы час Я.Зайцаў падкрэсліў, што пастаўленыя мэты трэба дасягаць не праз адміністрацыйныя забароны, а коштам стварэння годных умоваў для падзелу курцоў і некурцоў, напрыклад, уладкавання ў кавярнях гэтак званых акварыўмаў для ахвочых пакурыць.
Самым дзейсным з метадаў, прадугледжаных канвенцыяй, з'яўляецца падвышэнне коштаў на тытунёвыя вырабы. Асабліва прыкметнага эфекту пры яго ўжыванні атрымліваецца дамагчыся адносна непаўнагадовых, для якіх матэрыяльная дасяжнасць спакусы мае вельмі вялікае значэнне.
"Нажаль, сёння пакупная здольнасць беларуса адносна тытунёвых вырабаў занадта вялікая ў параўнанні, напрыклад, з сярэднім брытанцам, для якога цыгарэты коштам у пяць фунтаў з'яўляюцца прадметам раскошы, - кажа Ягор Зайцаў. - І яна не толькі не памяншаецца, але і ўзмацняецца праз нарошчванне тэмпаў мясцовай вытворчасці тытунёвых вырабаў.
З гледзішча САЗ, актыўная падтрымка дзяржавай мясцовых тытунёвых вытворчасцяў, якія "цягнуць" кошт уніз, - вельмі негатыўная рыса. Аднак у агляднай будучыні ніякіх зменаў у гэтым абсягу ў Беларусі не прадбачыцца".
Каментар па справе
Галоўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан:
- У краіне назіраецца тэндэнцыя да памяншэння колькасці курцоў. З 2002-га па 2006 год, гэта значыць у тыя гады, калі Міністэрства аховы здароўя ў супрацы з іншымі ведамствамі пачало актыўна займацца антырэкламай тытуню, доля курцоў ад агульнага насельніцтва знізілася ад 41,6 да 32,3%. Рост вытворчасці тытунёвых вырабаў, пра які вядзецца гаворка, адбываецца не з-за павелічэння колькасці беларусаў, якія паляць, а за кошт здзяйснянай у нас цяпер палітыкі імпартазамяшчэння. Не бачу ў гэтым нічога кепскага. Ясна, што адразу ўсе жыхары краіны ад палення адмовіцца не змогуць. І калі чалавек усё роўна паліць, то хай ён карыстаецца айчыннай прадукцыяй, прынамсі такім чынам падтрымліваючы эканоміку краіны.