9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Страшная помста за «Лакафарбу»

5

Нечаканы паварот набыла гісторыя Эмануіла Зэльцэра. Амерыканскаму адвакату высунута новае абвінавачанне - у кантрабандзе наркотыкаў. Ёсць тры версіі, чаму гэта адбылося.

12 сакавика Эмануіл Зэльцэр і яго сакратар Уладлена Функ прыляцелі ў Менск на асабістым самалёце алігарха Барыса Беразоўскага. Падставай для іх візіту ў наш гасцінны горад стала барацьба за спадчыну яшчэ аднаго буйнога бізнэсмэна Бадры Патакарцышвілі, незадоўга да гэтага сканалага ў Лондане, нагадвае «Салідарнасць».

Аднак адразу па прылёце Зэльцэр і Функ былі арыштаваныя, а пасля іх абвінавацілі ў падробцы дакументаў. Адваката спачатку змясцілі ў "амерыканку" (следчую турму КДБ), а пасля выправілі ў "Навінкі" на псіхіятрычную экспертызу. Так што, маршрут у Зэльцэра па Беларусі атрымаўся багаты на ўражанні.

З моманту арышту прайшло два з паловай месяцы. Аднак, пасля сканчэння разгляду гэтай крымінальнай справы, Камітэт дзяржаўнай бяспекі нечакана высунуў адвакату новае абвінавачанне. Зараз Зэльцэр падазраецца яшчэ і ў незаконным транспартаванні лекаў (100 пігулак), якія змяшчаюць наркотыкі. Паводле правілаў пры ўездзе ў Беларусь адвакат мусіў пазначыць іх у мытнай дэкларацыі.

Брат Эмануіла Зэльцэра Марк у інтэрв'ю "Коммерсанту" назваў новае абвінавачанне "вар'яцкім". Ён патлумачыў, што Эмануіл Зэльцэр даўно пакутуе на такія хваробы, як дыябетычная неўрапатыя, зашчымленне дыскаў ніжняга аддзела хрыбетніка, дыябет і падагра -- таму і вымушаны прымаць лекі, якія ў яго адабралі ў Беларусі.

"Адпаведныя дакументы ад лекараў мы даўно скіравалі кіраўніку дзяржавы, генеральнаму пракурору і старшыню КДБ, але гэта, здаецца, нікога з іх не цікавіць",- заявіў Марк Зэльцэр. Па словах Леа Паўкмана, амерыканскага лекара Эмануіла Зэльцэра, ён назірае адваката апошнія 20 гадоў. Як патлумачыў спадар Паўкман, такія лекавыя прэпараты, як гідракадон, буталбітал і метфармін, якія прымаў спадар Зэльцэр, сапраўды змяшчаюць наркатычнае рэчыва кадэін. "Але ў колькасці, дазволенай міністэрствам здароўя ЗША, спрыяльнай у здыманні боляў, якія стала церпіць Эмануіл Зэльцэр",- адзначыў лекар і падкрэсліў, што набыць гэтыя прэпараты можна толькі праз рэцэпт.

Новы паварот падзеяў у справе Зэльцэра можа быць абумоўлены некалькімі фактарамі. Паводле першай версіі, адвакат стаў ахвярай напружаных адносінаў паміж Беларуссю і ЗША. Як вядома, апошнім часам Вашынгтон і Менск актыўна абменьваюцца ласкавасцямі. У адказ на ўдакладненне эканамічных санкцыяў, уведзеных ЗША з патрабаваннем вызвалення ўсіх палітвязняў і здзяйснення дэмакратычных рэформаў, беларускія ўлады ў два скокі прымусілі скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Менску да 5. Праз пэўны час ЗША ізноў удакладнілі санкцыі - абвясцілі, што пад іх, у дадатак да раней названых прадпрыемстваў "Белнафтахіма" трапляюць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, ААТ "Полацак-шкловалакно" і лідскі завод "Лакафарба".

Контрудар у выглядзе далейшага бмежавання і без таго сімвалічнага штату амерыканскай амбасады ўжо быў не рэальны. І тут нехта ў Менску, відаць, згадаў, што Дзярждэпартамент хадайнічаў аб вызваленні Эмануіла Зэльцэра. На адвакаце і вырашылі адыграцца, каб заесці амерыканцаў. Атрымалася нават амаль сіметрычна: вы нам - новыя санкцыі, мы Зэльцэру - новае абвінавачанне.

Выглядае, вядома, драбнавата. Але, ведаючы помслівасць некаторых беларускіх "таварышаў", выкрэсліваць такі варыянт нельга.

Зрэшты, ёсць і іншыя праўдападобныя версіі. Не выключана, што справа аб падробцы дакументаў развальваецца. Таму, каб абгрунтаваць утрыманне Зэльцэра пад вартай на працягу апошніх месяцаў, з'явілася новае абвінавачанне. Зараз адваката можна адпускаць, не занадта засцерагаючыся пазову за незаконны арышт - нават калі падробку дакументаў "прышыць" не атрымаецца, пігулачкі – вось яны!

Трэцяя версія заснавана на тым, што ў межах далейшай барацьбы за спадчыну Бадры Патакарцышвілі, разам з легендарным нафтаперапрацоўчым заводам у Беларусі (легендарны ў тым сэнсе, што пакуль не надта ясна, пра што вядзецца), некаму вельмі выгадна, каб адзін з удзельнікаў гэтай сутычкі даўжэй заставаўся "па-за гульнёй". У прыватнасці, як сцвярджае брат арыштаванага адваката, нядаўна следчы КДБ Сяргей Вараб'ёў сустракаўся з удавой Бадры Патакарцышвілі Інай Гудавадзэ і Барысам Беразоўскім у Лондане, у амбасадзе Беларусі. Менавіта пасля гэтага быў вырашаны лёс Эмануіла Зэльцэра: яму высунулі новае абвінавачанне, якое дазваляе трымаць адваката за кратамі яшчэ даволі доўга.

У кожным разе, калі ўсё гэта скончыцца, Зэльцэр будзе шчаслівы шпарчэй з'ехаць з Беларусі нават без нафтаперапрацоўчага заводу і любых іншых прывабных актываў. Што, па ўсёй верагоднасці, і трэба было забяспечыць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках