Навумаў пра канфіскацыю аўтамабіляў у кіроўцаў (Відэа)
60- 29.05.2008, 11:29
28 траўня міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў выказаўся ў "парламенце" на тэму верагоднай канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў.
На думку У.Навумова, трэба распрацаваць выразны механізм канфіскацыі і толькі пасля гэтага ўносіць адпаведны законапраект у "парламент".
Міністр адзначыў, што не знаходзіць "разумення, перадусім, у эканамічных міністэрствах". Па ягоных словах, Мінфін спасылаецца на тое, што змены пацягнуць неабходнасць занясення паправак у іншыя нарматыўныя акты, "іншыя органы кажуць: ёсць адзіныя правілы канфіскацыі і рэалізацыі канфіската, давайце іх трымацца". Аднак гэтыя правілы не ахопліваюць усіх выпадкаў, якія ўзнікаюць у сітуацыях з нецвярозымі кіроўцамі, лічыць У.Навумаў.
"Працэдура канфіскацыі павінна ні ў каго не выклікаць сумневаў. Пры гэтым трэба ўлічваць, што сканфіскаваны у парушальніка аўтамабіль можа належыць, напрыклад, іншай асобе ці арганізацыі, у тым ліку і дзяржаўнай", - сказаў У.Навумаў.