Улады не скарысталіся шанцам наладзіць адносіны з Еўразвязам
10- 29.05.2008, 12:38
Чыноўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі заяўляюць, што рашэнне пытання пра кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў сёння ляжыць у кампетэнцыі Еўрапейскага Звяза.
Рашэнне пытання пра спрашчэнне парадку выдачы шэнгенскіх візаў і паніжэння іх кошту для беларускіх грамадзян залежыць ад пазіцыі Еўрапейскага Звяза. Такое меркаванне выказаў у часе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА 29 траўня начальнік консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Гіро.
"Перадусім трэба адзначыць, што паміж "старымі" і "новымі" сябрамі Шэнгенскай дамовы няма адрознення, і дамаўляцца наконт спрашчэння парадку выдачы візаў і паніжэння іх кошту неабходна з Еўрапейскім Звязам у цэлым", - сказаў А. Гіро.
Ён паведаміў, што беларускі бок яшчэ 8 траўня 2007 года скіраваў Еўрапейскай камісіі, а таксама краінам – сябрам Шэнгенскіх дамоваў прапанову пачаць перамовы аб пагадненні пра спрашчэнне парадку выдачы візаў. "Еўракамісія ў сваёй зваротнай ноце звязала пачатак перамоваў па спрашчэнні візавых фармальнасцяў з выкананнем шэрагу палітычных умоваў", - адзначыў А.Гіро.
Заяву чыноўніка МЗС пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі'97 былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў:
"Я думаю, што была рэальная магчымасць вырашыць гэтае пытанне на пачатку года, калі Беларусь пачала рухацца насустрач Еўрапейскаму Звязу. Маецца на ўвазе вызваленне палітвязняў. Калі б гэты працэс працягнуўся, то сёння было б рашэнне ЕЗ па візах. Пагатоў, у гэтым і ўлада і апазіцыя здзяйснялі падобную палітыку. Аднак паколькі ўлады распачалі новыя рэпрэсіі супраць апазіцыі і ў Беларусі з'явіліся новыя палітвязні, працягнуліся разгоны мірных дэманстрацыяў, чакаць ільготных візаў не выпадае. Еўропа выявіла б крывадушнасць, калі б пачала ствараць бачнасць паляпшэння адносінаў з Беларуссю пры знаходжанні ў турмах палітвязняў. Таму ўладам не варта вінаваціць Брусэль -- там не існуе падвойных падыходаў да сітуацыі ў Беларусі. Прапановы Еўразвяза маюць моц надалей, і менавіта гэтыя прапановы, у выпадку іх рэалізацыі ўладамі, дазволяць не толькі палегчыць для беларусаў шлях у Еўропу, але і выратаваць краіну ад блізкага эканамічнага крызісу".