9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

USA Today: Лукашэнка імкнецца да больш цесных сувязяў з Расеяй перад тварам санкцыяў, слабасці эканомікі і ўзмацнення апазіцыі

4

ЗША занепакоеныя новымі прыкметамі паглыблення сувязяў паміж Беларуссю і Расеяй у перыяд абвастрэння трэнняў з абедзвюма краінамі, піша найбуйнейшая амерыканская газета "USA Today".

У аўторак Беларусь і Расея прызначылі прэм'ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна на пост старшыні Савета міністраў альянсу двух суседніх дзяржаў.

Службоўцы і аналітыкі ў Вашынгтоне кажуць, што пакуль незразумела, ці з'яўляецца гэта крокам да бліжэйшага палітычнага саюза або проста фармальнасцю. Але гэта здарылася ў той момант, калі амерыкана-беларускія адносіны знаходзяцца ў крызісе. Беларусь пратэстуе супраць амерыканскіх санкцый, накіраваных на пакаранне ўлад гэтай краіны за цвёрды падыход да крытыкаў і нетрывальнасць да іншадумства. У выніку супрацьстаяння дыпламатычныя адносіны апынуліся на грані парыву.

З прычыны таго, што паміж Масквой і Менскам таксама перыядычна ўзнікаюць трэнні, апошняя заява можа азначаць, што беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка імкнецца да больш цесных сувязяў з Расеяй перад тварам санкцыяў, слабасці мясцовай эканомікі і ўзмацненні ўнутранай апазіцыі.

Амбасадар ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт паведаміла ў аўторак The Associated Press, што Злучаныя Штаты будуць адсочваць прыкметы паглыблення альянсу. "Нам прыйдзецца пачакаць, каб даведацца, што з гэтага выйдзе", - растлумачыла яна.

Сцюарт з сакавіка знаходзіцца ў Вашынгтоне. Яна пакінула Менск пад ціскам беларускага ўрада. Яна вярнулася пасля таго, як Беларусь адклікала свайго амбасадара з Вашынгтона.

Яна заявіла, што Злучаныя Штаты будуць супраць любога саюза паміж двума краінамі, калі іх народам не дадуць слова.

"Мы не пярэчым супраць інтэграцыі дзяржаў, калі яна добраахвотная, калі народ можа выказаць сваю волю, калі інтэграцыя ўзаемавыгадная і не ўзводзіць перашкод па стаўленні да шырэйшай супольнасці краін", - адзначыла яна.

Беларусь прыменшыла значэнне прызначэння Пуціна, аб якім было абвешчана адміністрацыямі прэзідэнтаў Беларусі і Расеі. Расейскія прэм'ер-міністры займалі гэтую пасаду, якая афіцыйна завецца "старшыня Савета міністраў "Саюзнай" дзяржавы", з 2000 года. Гэтая пасада была створаная ў снежні 1999 года, нараўне з пасадай старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савета "Саюзнай" дзяржавы, які з моманту яго стварэння займае Лукашэнка.

Беларусь і Расея падпісалі ў 1996 году дамову, якая прадугледжвае блізкія палітычныя, эканамічныя і ваенныя сувязі, але высілкі па дасягненні поўнага зліцця не прывялі да поспеху. Структуры альянсу служаць толькі для каардынацыі і валодаюць нявызначанымі паўнамоцтвамі.

Лукашэнка ў 2002 году гнеўна адхіліў прапанову Крамля па ўключэнні Беларусі ў склад Расеі, і перамовы аб узмацненні "саюза" застапарыліся. Ён таксама ўступіў у спрэчку з Расеяй з нагоды экспарту энерганосьбітаў. Летась ён назваў Расею пачварай, калі яна павялічыла кошты на прыродны газ больш чым у два разы і ўвяла мытныя пошліны, якія зрабілі нафту для Беларусі даражэйшай.

Новае прызначэнне адбылося пасля пераходу Пуціна ў бягучым месяцы з паста прэзідэнта на пост прэм'ер-міністра і пасля інаўгурацыі абранага ім пераемніка Дзмітрыя Мядведзева. Назіральнікі шукаюць прыкметы спроб Пуціна кансалідаваць уладу на новай пасадзе.

Да гэтых перастановак некаторыя эксперты меркавалі, што Пуцін, завяршыўшы васьмігадовы прэзідэнцкі тэрмін, можа стаць прэзідэнтам ізноў створанай дзяржавы Беларусі і Расеі. Гэтыя спекуляцыі спыніліся, калі Пуцін даў зразумець, што мае намер заняць крэсла прэм'ера.

Шматлікія кажуць, што ў цяперашні час у расейскай палітыцы цяжка разабрацца, бо няясныя лініі ўлады паміж Пуціным і Мядведзевым. Рашэнні Лукашэнкі яшчэ больш туманныя.

"Як сказала бы Аліса ў краіне цудаў, "становіцца ўсё больш і больш цікаўна", - адзначыў дырэктар па даследаваннях Расеі American Enterprise Institute Леон Арон.

Арон мяркуе, што Лукашэнка змякчэў па стаўленні да Расеі пад прыгнётам слабой эканомікі, растучых коштаў на сыравіну і амерыканскіх санкцыяў. Расея нядаўна дала крэдыты Беларусі нібы для таго, каб дапамагчы ёй зладзіцца з растучымі коштамі на расейскія энерганосьбіты.

"Думаю, калі ён зацікаўлены ў тым, каб застацца ля улады, яму прыйдзецца рабіць тое, што жадае Пуцін", - лічыць Арон.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках