9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянты з аўтаматамі супраць хворай жанчыны

15

Кіраўніцтва сухотнай лякарні неадэкватна рэагуе на пратэст пацыентаў на кепскія ўмовы ўтрымання. Замест выпраўлення сітуацыі хворым пагражаюць выпіскай, а супраць тых, хто ўжо быў незаконна выпісаны, выстаўляюць міліцыянтаў з аўтаматамі.

Як паведаміла “Радыё Рацыя” Наталля Драбышэўская, якую 19 траўня датэрмінова выпісалі з Багушэўскай раённай сухотнай лякарні за абурэнне ўмовамі ўтрымання, па лякарні пайшлі чуткі, нібыта былая пацыентка вярнулася.

- Мне тэлефанавалі хворыя і распавялі, што кіраўніцтва выклікала міліцыю, закрыла аддзяленне і на ўсіх уваходах будынка паставіла па два міліцыянты з аўтаматамі, - кажа Наталля Драбышэўская.

Паводле сведчання пацыентаў сухотнай лякарні, якія таемна тэлефанавалі Наталлі, адносна ўмоў там нічога не змянілася, а вось стаўленне персаналу да хворых памянялася ў горшы бок:

- Умовы складаныя, але ніхто адкрыта не пратэстуе, таму што баяцца, - кажа Драбышэўская. - Ад галоўнага лекара прагучала пагроза, што тых, “хто будзе выступаць, чакае лёс Драбышэўскіх” - выкінуць з лякарні.

Жанчына з’яўляецца інвалідам другой групы, і для пацверджання інваліднасці на медычнай камісіі ёй зараз неабходна знаходзіцца на лячэнні. Але цяпер, калі супраць яе нават выстаўляюць міліцэйскую ахову, аб гэтым не можа ісці размовы. Яна ў роспачы.

Між тым, намаганні Наталлі Драбышэўскай па ўсталяванні парадку ў лякарні недарэмныя. Сененская раённая пракуратура паведаміла сухотніцы пра тое, што яе скарга на неправамерныя паводзіны кіраўніцтва лякарні будзе разглядацца ў Віцебскім абласным упраўленні аховы здароўя. І ўжо 30 траўня Багушэўскую лякарню наведае камісія гэтага ўпраўлення.

Нагадаем, пацыенты Багушэўскай раённай сухотнай лякарні (Віцебская вобласць), пратэстуюць супраць жахлівых ўмоваў знаходжання і дрэннага абыходжання з імі медперсаналу лякарні, у якой на 320 месцаў — 500 хворых.

Пры антысанітарных умовах і нішчымнай ежы за год у лякарні памерлі 67 чалавек. На сённяшні дзень 100 чалавек — 70 мужчын і 30 жанчын, псіхічна хворыя ды інфікаваныя палачкай Коха, утрымліваюцца ў лякарні за кратамі і не маюць ніякага догляду.

Найбольш актыўных, хто адкрыта выказвае незадавальненне, кіраўніцтва лякарні выпісвае датэрмінова. 19 траўня з адкрытай формай сухотаў выпісалі Валера і Наталлю Драбышэўскіх, якія маюць дваіх непоўнагадовых дзяцей і такім чынам ствараюць пагрозу для іх здароўя. У сувязі з гэтым Наталля Драбышэўская падала скаргу ў абласную пракуратуру і ўпраўленне аховы здароўя.

Нагадаем, што на пачатку года галадавалі 150 сухотнікаў Наваеленскай лякарні, што ў Дзятлаўскім раёне Гарадзенскай вобласці.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках