20 красавiка 2024, Субота, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вячаслаў Сіўчык: «Быдла трымаюць у лепшых умовах, чым арыштантаў у старадарожскай турме»

7

8 мая пасля 15 суткавага арышту з ізалятара ў Старых Дарогах (Менская вобласць) выйшаў на волю дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык. «Быдла трымаюць у лепшых умовах, чым арыштантаў у старадарожскай турме. Але самае жудаснае, што гэта стандартныя ўмовы для кожнага беларускага райцэнтра», - заявіў палітык прэс-цэнтру Хартыі’97.

«Мяне не толькі на 15 сутак пазбавілі волі, але і права мыць рукі і чысціць зубы, паколькі ў камеры не было ні ўмывальніка, ні тым больш магчымасці схадзіць у прыбіральню, у якую выводзілі два разы на суткі. У камеры два з паловай на два метры, куды практычна не трапляла дзённае святло, у першыя дні знаходзіліся разам са мной яшчэ 2 чалавекі. Потым у якасці «выхаваўчай» меры на ноч забівалі камеру п’янымі, якія буянілі, чынілі нейкія разборкі, але пасля некалькіх такіх спробаў, пабачыўшы, што на мяне гэта ніяк не ўздзейнічае, пакінулі ў спакоі», - распавёў Вячаслаў Сіўчык аб умовах, у якіх прыйшлося адбываць арышт.

Але «самае агіднае», па ягоных словах, што гэта не былі нейкія асаблівыя «старадарожскія» ўмовы. У такіх умовах трымаюць беларусаў ва ўсіх невялікіх гарадах (якіх у краіне налічваецца больш за тысячу). Прычым, турмы ў асноўным перапоўненыя: разам з адміністрацыйнымі арыштантамі трымаюць крымінальнікаў.

23 красавіка Вячаслаў Сіўчык быў асуджаны судом Старадарожскага раёну Менскай вобласці на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання). Сіўчык прыняў удзел ва ўсталяванні 19 красавіка ў вёсцы Дражно Старадарожскага раёну памятнага шасціканцовага крыжа нябеснай заступніцы Беларусі святой Ефрасінні Полацкай у памяць аб 25 мірных жыхарах, забітых партызанамі 2-й Менскай партызанскай брыгады 15 красавіка 1943 года.

У інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Вячаслаў Сіўчык заявіў, што лічыць дзеянні ўладаў па ягоным арышце і затрыманні незаконнымі. «23 красавіка каля Маскоўскага суда Менску, дзе я знаходзіўся ў сувязі з працэсам над Парсюкевічам, падыйшлі людзі ў цывільным, паказалі міліцэйскія пасведчанні, практычна гвалтоўна пасадзілі ў машыну і адвезлі ў Старыя Дарогі. Там нейкі міліцыянт Флотскі правёў допыт, пад час якога я заявіў, што крыж, ужо прыбраны да таго часу, трэба вярнуць на месца. Пасля гэтага адбыўся суд, на якім усталяванне памятнага крыжа палічылі за мітынг. Таму я і лічу дзеянні ўладаў незаконнымі», - кажа палітык.

Як распавёў Вячаслаў Сіўчык, у судзе супраць яго сведчыла мясцовае начальства – намеснік старшыні выканкама, кіраўнік ідэалагічнага аддзелу і начальнік міліцыі. Характэрна, што намстарвыканкама Давыдаў паказаў на судзе, што памятны крыж «быў гэтаксама незаконна знесены, як і ўсталяваны».

Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што В.Сіўчык не з’яўляўся ні ініцыятарам, ні арганізатарам усталявання памятнага крыжа, а толькі прысутнічаў пры яго ўсталяванні. Тым не менш, з усіх удзельнікаў акцыі быў затрыманы толькі ён.

«Аднак я ганаруся, што ўдзельнічаў у гэтым мерапрыемстве. І лічу вяртанне крыжа святой Ефрасінні Полацкай на былое месца справай гонару, таму прыкладу да гэтага ўсе намаганні», - сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках