Лукашэнка: Дэфіцыту харчу і падвышэння коштаў не пазбегнуць
42- 11.06.2008, 9:15
Аляксандр Лукашэнка заявіў учора пра непазбежнасць дэфіцыту прадуктаў і росту коштаў у Беларусі. Праўда, звязаў ён гэта не з дзеяннямі ўрада, а з "сусветным харчовым крызісам". А ўратаваць беларусаў ад недахопу ежы могуць дачныя ўчасткі.
На думку Лукашэнкі, выказаную ў часе выступу перад ізноў прызначанымі "прадстаўнікамі "вертыкалі ўлады" у рэгіёнах, рост коштаў на харч у свеце не можа не адбіцца і на ўнутрырэспубліканскіх коштах. "Кошты на харч унутры краінаў мы штучна стрымаць не можам. Калі мы будзем усяляк стрымліваць кошты на харч, з Беларусі проста вывязуць усе гэтыя тавары, паколькі іх кошт у суседніх краінах будзе вышэй у 2-3 разы. Таму наша краіна мусіць скарыстацца сітуацыяй і зарабіць валюту", - заявіў ён.
"Людзям неабходна даць нармалёвы заробак, нельга дапусціць, каб іх жыццёвы ўзровень знізіўся. Адпаведная задача ўжо пастаўлена, здзейснены належныя разлікі. Заробак, эквівалентны $500, нас ужо не задаволіць, у гэтай пяцігодцы трэба выходзіць на $700, а магчыма, і набліжацца да $1000", - сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка падкрэсліў, што жыхары краіны мусяць быць гатовыя да розных варыянтаў развіцця эканамічнай сітуацыі ў свеце. "Беларусь практычна на 100% забяспечвае сябе асноўнымі відамі харчовых тавараў. Але дэфіцыт непазбежны. Кошты за мяжой будуць празмерныя. Эксперты прагназуюць сёлета ў свеце рост коштаў на харч на 100%", - адзначыў ён.
Па ягоных словах, сёння вельмі важна арыентаваць людзей на захаванне дапаможных гаспадарак. "Паўсюль сітуацыя вельмі цяжкая. Таму ні ў якім разе нельга нам у Беларусі выразаць быдла. А уласны ўчастак зямлі можа быць добрай падтрымкай", - сказаў ён.