Кошт пытання
19- 11.06.2008, 9:20
Калі і ёсць на тэрыторыі былога СССР дзяржава, ідэальна прыдатная для інтэграцыі ў заходнія структуры, перадусім у ЕЗ, то гэта Беларусь.
Беларусь застаецца, бадай, апошняй з краінаў СНД, геапалітычныя перавагі якой не вызначаны. Гэтае сцвярджэнне можа здацца абсурдным, паколькі фармальна ўсё надзвычай ясна: Менск знаходзіцца ў "хаўрусе" з Масквой. Аднак на практыцы ўсе даўно пераканаліся, што цяжка знайсці большага рупліўца нацыянальнай незалежнасці, чым беларускі кіраўнік, піша "Коммерсантъ".
Прыхільнасць Аляксандра Лукашэнкі да ідэі суверэнітэту зразумелая. Толькі стоадсоткавая суверэннасць здольна забяспечыць "бацьку" той узровень асабістай улады, які яму неабходны. І Беларусь застаецца на ростанях, свядома пазіцыянуючы сябе як прынадны "прыз" у вялікім змаганні. Пры гэтым "бацька", па ўсім відаць, разлічвае, што такую гульню можна весці неабмежавана доўга.
Мадэль "геапалітычная лаяльнасць наўзамен эканамічным прэферэнцыям", на якой раней грунтавалася расейска-беларуская інтэграцыя, больш не дзейнічае. У духу прагматызму Маскве патрэбныя ад Менска пэўныя эканамічныя дывідэнды, а не замовы на "апошні фарпост" перад блізкай натаўскай экспансіяй.
Лукашэнка гэта разумее і таму не раз дасылаў пасы ў бок Еўропы. Хворы мазоль Старога Свету - энергетычная бяспека, што беларускі правадыр і акцэнтуе: давайце разам абмяжуем экспансійныя амбіцыі Расеі. Ясная рэч, што ўнутраныя справы Беларусі абмеркаванню не падлягаюць.
Еўрапейцам, вядома, цынізму не пазычаць, але паўтарыць гісторыю Муамара Кадафі, які раптам стаўся рэспектоўным кіраўніком, не атрымаецца. Беларусь - краіна еўрапейская, і да яе аўтаматычна ўжываецца базавы набор крытэраў, недарэчны адносна Лівіі.
Больш гнуткі падыход у прынцыпе здольныя дэманстраваць Злучаныя Штаты. Скажам, Узбекістан, у параўнанні з якім Беларусь выглядае аазісам дэмакратыі, быў важкім партнёрам Амерыкі і, падобна, можа яшчэ вярнуць сабе гэтую ролю. Але з Вашынгтонам Лукашэнка пасварыўся сур'езна і надоўга. Жорсткі прэсінг амбасады ЗША - гэта на мяжы асабістай абразы. Не выпадкова амерыканскія прадстаўнікі кажуць, што справа ўжо не толькі ва ўзроўні беларускай дэмакратыі. Намёк ясны: кампрамісы з гэтым рэжымам немагчымыя.
Парадокс палягае ў тым, што калі і ёсць на тэрыторыі былога СССР дзяржава, ідэальна прыдатная для інтэграцыі ў заходнія структуры, перадусім у ЕЗ, то гэта Беларусь. Кампактная монаэтнічная краіна еўрапейскага памеру і культуры з адукаваным насельніцтвам, але ж без алігархаў і шлейфу прыватызацыі. Як у падручніку.
Роля Аляксандра Лукашэнкі ўнікальная. З аднаго боку, ён фактычна стварыў нацыянальную ідэнтычнасць незалежнай Беларусі - дзіўную, але ўласную. З іншага - ён намёртва заблакаваў магчымасці руху ў той ці іншы бок. Да пэўнага часу ўсё гатовы мірыцца з прынцыпам "дык не спадай жа ты нікому". Але імкненне да геапалітычных набыткаў можа ўзяць верх, і тады "бацьку" станецца нясоладка.