9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыя салідарнасці з Іванам Шылам у цэнтры Менска (Фота)

2

Сёньня ў цэнтры Менска прайшла акцыя на знак салідарнасці з Іванам Шылам, якога 4 чэрвеня адлічылі салігорскай школы “за актыўную грамадзкую дзейнасьць”, ня даўшы здаць апошні выпускны іспыт.

Ля будынку Міністэрства адукацыі актывісты “Маладога фронту”, сябрам якога з’яўляецца незаконна адлічаны школьнік, разгарнулі расьцяжку “Школа для ўсіх”, паведамляе “Радыё Свабода”.

Ахоўнікі будынку міністэрства пагражалі, што выклічуць міліцыю. Аднак удзельнікі акцыі заявілі, што будуць стаяць столькі, колькі палічаць патрэбным.

Намесьнік кіраўніка Маскоўскага РУУС Менску зьявіўся на месцы правядзеньня акцыі, толькі калі юнакі пайшлі перадаваць пэтыцыю ў Міністэрства адукацыі з патрабаваньнем самароспуску гэтай дзяржаўнай установы.

Удзельнікі акцыі заявілі, што, на іхную думку, выпадак з выключэньнем са школы Іванам Шылы дыскрэдытуе прафэсію настаўнікаў у вачах ня толькі вучняў, але і саміх выкладчыкаў.

Маладыя людзі патрабуюць, каб на працу ў міністэрства набралі сумленных і прафэсійных педагогаў.

Нагадаем, адзін з лідэраў "Маладога Фронту" Іван Шыла быў выключаны "за актыўную грамадзкую дзейнасьць" за дзень да апошняга іспыту па ангельскай мове. Раней педсавет школы дапусціў моладзевага актывіста да іспытаў, але па патрабаваньні з Менска пры паўторным галасаваньні педсавет прыняў рашэнне аб выключэнні. Дырэктар школы Вольга Сянькова напісала на знак пратэсту заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні, а яе намесніца па выхаваўчай працы Алена Семчанкова была звольненая за «дрэнную працу».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках