9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталічнае інфармагенцтва ўцягнутае ў крымінальны скандал

4

Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па Менску і Менскай вобласці ініцыявала ўзбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах намесніка генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Агентство «Минск-Новости» Аляксандра Кабзарава.

Скандал, які разгарэўся ў сталічным інфармацыйным агенцтве, ніяк не звязаны з ягонай дзейнасцю. Кабзараў вядомы ў афіцыйных кругах Менска як паспяховы кіраванец, які зрабіў імклівую кар'еру. Дзякуючы сваім здольнасцям або сувязям – гэта ўжо іншае пытанне, піша «Ежедневник».

Вядома толькі, што ў 25 год ён з'яўляўся генеральным дырэктарам ЗАТ «Беларустрактарлізінг», абароты якога складалі каля 10 млн даляраў на год. Потым Аляксандр Кабзараў скончыў Інстытут дзяржаўнага кіравання і стаў рабіць кар'еру дзяржслужачага, прычым практычна адразу заняў салідную пасаду намесніка генеральнага дырэктара ЎП «Агентство «Минск-Новости». І усё жа мінулае яго дагнала.

Аляксандру Кабзараву інкрымінуецца здзяйсненне махлярства з прычыненнем шкоды РУП «МТЗ» у адмыслова буйным у памеры. Да прад'яўлення абвінавачвання, а ўжо тым больш да суду, яшчэ вельмі далёка, таму нельга казаць аб якой-небудзь вінаватасці кіраванца, але факт досыць характэрны. Па меркаванні аператыўнікаў УБАЗ, у 2001 годзе А.Кабзараў разам са сваім сябрам і партнёрам ашуканскім шляхам завалодаў 55 трактарамі, прыналежнымі РУП «МТЗ». Аперацыя была праведзеная праз ЗАТ «Беларустрактарлізінг» і каштавала дзяржаўнаму прадпрыемству 744 тыс. даляраў.

Якімі доказамі валодаюць аператыўнікі УБАЗ, пакуль невядома. Але выклікае здзіўленне, што сем (!) гадоў да страчаных трактароў нікому не было насамрэч ніякай справы. Па папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе аб трактарах, рэалізаваных праз ЗАТ «Беларустрактарлізінг», якое з вытворцам за тэхніку так і не разлічылася.

Доўгі час РУП «МТЗ» спадзявалася атрымаць свае грошы праз Гаспадарчы суд. Калі ж гэтая надзея растала, былі падлучаныя аператыўнікі УБАЗ. Яны-та і ўгледзелі ў дзеяннях А.Кабзарава і ягонага партнёра прыкметы спланаванага махлярства з трактарамі, чым уцягнулі вядомае інфармацыйнае агенцтва ў крымінальны скандал.

Агенцтва «Минск-Новости» з'яўляецца выдаўцом газеты “Минский курьер” і асноўным пастаўшчыком навінавай інфармацыі для афіцыйнага інтэрнэт-сайта Менгарвыканкама. Разам з “Радио-Минск” і тэлеканалам СТВ утварае медыя-холдынг, прыналежны Менгарвыканкаму.

Нагадаем, у снежні 2007 года Менгарвыканкам скасаваў па невядомых прычынах кантракт з генеральным дырэктарам агенцтва "Минск-Новости" Рыгорам Новікавым "па ўзаемнай згодзе бакоў". Паміж тым Новікаў стаяў ля вытокаў стварэння агенцтва "Минск-Новости", газеты "Минский курьер", "Радио-Минск", тэлеканала "СТВ". Па неафіцыйнай інфармацыі на вакантнае месца прэтэндаваў А.Кабзараў, але была прызначаная Кацярына Дубінская, якая да прызначэння доўгі час працавала ў газетах "Знамя юности" и "Советская Белоруссия".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках