Лукашэнка ў КДБ: Я не магу сказаць, за што ўручаюцца ўзнагароды
36- 12.06.2008, 13:03
Аляксандр Лукашэнка ў «вузкім коле» падзячыў за «добрую» працу супрацоўнікаў КДБ. «Я не магу сказаць, за што вам уручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды. Але я добра ведаю, за што», - заявіў пры гэтым беларускі кіраўнік.
"Да мяне даходзяць чуткі, што нібыта Лукашэнка незадаволены працай КДБ. Гэта ўсяго толькі чуткі, і КДБ павінен ведаць, адкуль гэтыя чуткі з'яўляюцца", - заявіў А.Лукашэнка, уручаючы ўзнагароды супрацоўнікам КДБ.
"Я заўсёды паважаў з дзяцінства, маладосці, і сёння паважаю гэтую арганізацыю. Я заўсёды лічыў, што там працуюць сумленныя і "чыстыя" людзі", - цытуе беларускага кіраўніка Інтэрфакс.
Пры гэтым Лукашэнка растлумачыў, "чаму ўзнагароды ўручаюцца ў такім вузкім коле". "Таму што шырокае кола людзей не павінна вас бачыць", - адзначыў ён.
"Я не магу сказаць публічна, за што вам уручаюцца дзяржаўныя ўзнагароды. Але я добра ведаю, за што. Дзякуй вам за пякельную працу, дзякуй за тую працу, якую вы прарабілі, якая была спалучаная і з вялікім аб'ёмам фізічнай працы", - заявіў беларускі кіраўнік.
Па ягоных словах, "калі ў нашай спецслужбе будзе больш такіх людзей, то гэта будзе сапраўдная спецслужба".