9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскага «гандляра смерцю» вінавацяць і ў фінансаванні тэрарыстаў

3

Расеец Віктар Бут, затрыманы ў Тайландзе, вінаваціцца ў змове з мэтай забойства грамадзян ЗША і амерыканскіх афіцэраў, а таксама ў спансаванні тэрарыстычнай замежнай арганізацыі.

Аб гэтым у панядзелак заявіў адвакат Бута, перадае "Інтэрфакс". Нагадаем, у ЗША Бута падазраюць у гандлі зброяй, а таксама змоўніцкай і тэрарыстычнай дзейнасці.

"Бут вінаваціцца ў вельмі цяжкіх злачынствах. Тое, што ён вінаваціцца ў гандлі зброяй, - гэта не зусім так. Яго вінавацяць у чатырох злачынствах", - заявіў адвакат Бута Ян Дасгупта.

Адвакат растлумачыў, што Бут вінаваціцца ў некалькіх змовах: "Змове з мэтай забойства грамадзян ЗША, змове з мэтай забойства амерыканскіх афіцэраў і чыноўнікаў, у змове з мэтай набыцця і выкарыстанні супрацьпаветраных ракет, тых ракет, якія могуць паражаць паветраныя судны".

"І апошняе абвінавачванне - у падаванні матэрыяльнай падтрымкі тэрарыстычнай арганізацыі за мяжой", - сказаў Дасгупта.

Бут быў затрыманы 6 сакавіка ў Бангкоку (Тайланд), куды прыбыў у якасці турыста. Затрыманне прайшло па запыце Інтэрпола. Як стала вядома на мінулым тыдні, слуханні па пытанні экстрадыцыі Бута былі адкладзеныя да 28 ліпеня з прычыны дрэннага самаадчування тайскага адваката абвінавачванага. На паседжанні суду павіннае разглядацца пытанне аб экстрадыцыі Бута ў ЗША, нагадвае Newsru.com.

У красавіку Бут звярнуўся да ўрада РФ з просьбай прыняць меры да ягонага вызвалення. Бут катэгарычна аспрэчвае абвінавачванні амерыканскіх уладаў. Улады Тайланда заявілі, што не будуць прад'яўляць абвінавачванні расейскаму бізнэсмэну.

Амбасада РФ у Тайландзе на днях заявіла, што працягвае кантраляваць сітуацыю вакол Віктара Бута, аказваючы яму ўсялякую консульскую падтрымку і дапамогу.

У той жа час у ЗША прагучала сцвярджэнне аб тым, што ўлады РФ спрабуюць не дапусціць з'яўлення расейскага бізнэсмэна Бута ў замежным судзе і прапаноўваюць Тайланду выгодныя пастаўкі зброі, нафты і прыроднага газу на мільёны даляраў у абмен на выдачу бізнэсмэна ў Расею.

Як неаднаразова паведамлялі замежныя СМІ, беларускія ўлады таксама звязаныя з вядомым гандляром зброяй Віктарам Бутам. Выхадзец Душанбэ Віктар Бут у пачатку 1990-х служыў перакладчыкам у палку ваенна-транспартнай авіяцыі ў беларускім горадзе Віцебску. Афіцыйны Менск усё абвінавачванні катэгарычна аспрэчвае.

Такім чынам, верагодна, што не толькі ў Расеі баіцца экстрадыцыі ў ЗША «гандляра смерцю». Бо там Бут можа пачаць даваць паказанні, а гэта багата непрыемнымі наступствамі не толькі для расейскіх уладаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках