Элсі Хастынгс: Увядзенне санкцыяў ЗША - гэта выбар беларускіх уладаў
1- 17.06.2008, 11:38
"Калі б сітуацыя ў Беларусі змянялася да лепшага, калі былі б вызвалены палітвязні, спыніліся манаполія на медыі і ціск на незалежныя выданні, - тады адпала б патрэба у санкцыях", - заявіў старшыня Хельсінскай камісіі ЗША, сенатар Элсі Л. Хастынгс.
У эксклюзіўным інтэрв'ю газеце "Белорусы и рынок" сенатар, старшыня камісіі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (Хельсінская камісія ЗША). Элсі Л. Хастынг распавёў, як паўплываюць прэзідэнцкія выбары ў ЗША на пазіцыю адносна Беларусі, а таксама заявіў, што паляпшэнне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і ЗША ды Еўразвязам магчыма толькі пасля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, правядзення сапраўды вольных парламенцкіх выбараў і дэмакратычных рэформаў.
- Многія эксперты абмяркоўваюць магчымасць пашырэння санкцыяў ЗША адносна Беларусі. На вашую думку, наколькі гэта верагодна?
- Я шчыра спадзяюся, што нам не спатрэбіцца ўвядзенне дадатковых санкцыяў. На добры лад, гэта выбар беларускіх уладаў. Калі б сітуацыя ў Беларусі змянялася да лепшага, калі б спыніліся выпадкі парушэння правоў чалавека і рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, калі б сталі нормай дэмакратычныя выбары з роўнымі ўмовамі для ўсіх, калі былі б вызвалены палітычныя вязні, калі б спыніліся манаполія на медыі і ціск на незалежныя выданні, - вось тады адпала б патрэба ў санкцыях. Аднак, нажаль, Хельсінская камісія працягвае атрымліваць штодзённыя справаздачы пра рэпрэсіі ў Беларусі, асабліва супраць дэмакратычных актывістаў… Выснова, у выніку, такая: калі б становішча ў Беларусі паляпшалася, тады не было б патрэбы і ў падаўжэнні Акту аб дэмакратыі…
- Сп. Хастынгс, на разгляд палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША вынесены новы праект закона "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі-2008", ці варта нам расцэньваць яго як адказ на дыпламатычны скандал паміж нашымі краінамі?
- Гэты законапраект не з'яўляецца вынікам цяперашняга дыпламатычнага канфлікту. Ён дапаўняе і актуалізуе палажэнні "Акта аб дэмакратыі ў Беларусі-2006", які санкыянаваў даванне сродкаў для дапамогі ў развіцці дэмакратыі толькі на двухгадовы перыяд. Такім чынам, каб працягнуць яго дзеянне, неабходна ўнесці новы праект закона (The Belarus Democracy Reauthorization Act 2008, H. R. 5970). Я лічу за гонар выступіць суаўтарам гэтага законапраекта, які 6 траўня быў унесены ў Палату прадстаўнікоў рэспубліканцам Крыстаферам Смітам.
- Якія асноўныя палажэнні Акту аб дэмакратыі ў Беларусі-2008?
- Адноўлены праект закона збольшага развівае палажэнні папярэдняга. Гэта, перадусім, падтрымка незалежнага тэлебачання, радыё і Інтэрнэту; дапамога няўрадавым арганізацыям. З улікам нашых заканадаўчых працэдур цяжка прадказаць, калі менавіта пройдзе галасаванне па гэтым праекце і калі ён стане дзейным законам. Я асабіста буду прыкладаць высілкі для яго прыняцця і далейшага працягу датуль, пакуль дэмакратычная сітуацыя ў Беларусі не пачне змяняцца да лепшай.
- Як вы ацэньваеце выкананне Акту аб дэмакратыі ў Беларусі-2006?
- Я лічу, што ён быў вельмі дзейсным, гэтак сама як і першы закон - Акт аб дэмакратыі-2004. Ён эфектыўны тым, што дапамог сканцэнтраваць увагу Вашынгтона на становішчы ў Беларусі. Ён эфектыўны тым, што дазволіў фінансаваць дзейнасць, скіраваную на пабудову дэмакратыі, прычым, мушу адзначыць, гэта адбылося ва ўмовах змяншэння падтрымкі з боку ЗША для іншых краінаў рэгіёна. Гэты закон дапамог пашырыць міжнароднае вяшчанне на Беларусь – здзяйсняны цяпер праект. Гэты закон заклікаў да ўвядзення санкцыяў, якія Адміністрацыя рэалізуе вельмі дзейсна. Змаганне за правы чалавека абяцае быць доўгім. Змены не заўсёды адбываюцца хутка. Таму я лічу надзвычай важным захоўваць паслядоўнасць і настойлівасць у падтрымцы тых адважных беларусаў, якія змагаюцца за волю, дэмакратыю і правы чалавека. За апошнія гады я меў прыемнасць пагутарыць са многімі з іх.
- Як могуць паўплываць на пазіцыю адносна Беларусі хуткія прэзідэнцкія выбары ў ЗША?
- Акт аб дэмакратыі ў Беларусі-2008, гэтак жа, як і абодва папярэднія законы, падтрымліваюць і дэмакраты, і рэспубліканцы. Палітыка ЗША адносна вашай краіны заснавана на адзіным падыходзе. Амерыканскі народ хоча бачыць Беларусь незалежнай, дэмакратычнай краінай, якая працуе ў шчыльнай супрацы з ЕЗ. Так што на пазіцыю ЗША адносна вашай краіны паўплывае не столькі тое, хто стане нашым наступным прэзідэнтам, колькі тое, якія крокі распачне сама Беларусь, каб стварыць больш свабоднае, дэмакратычнае грамадства, дзе паважаюць правы чалавека і закон і дзе падзел уладаў ужо не будзе проста фікцыяй.
Дэмакратычныя выбары таксама маюць велізарнае значэнне. Як вы памятаеце, я ўзначальваў міжнародную місію назіральнікаў АБСЕ за выбарамі прэзідэнта Беларусі 19 сакавіка 2006 года і мусіў канстатаваць у заяве ад імя місіі, што Беларусь не змагла дасягнуць стандартаў АБСЕ адносна дэмакратычных выбараў.
Калі хуткія парламенцкія выбары ў верасні насамрэч прадэманструюць павагу да правоў свабоды збораў, асацыяцыяў і свабоды слова, калі будуць створаны роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, гэта стала б велізарным крокам наперад у дэмакратычным развіцці вашай краіны. І міжнародная супольнасць горача вітала б гэткае развіццё падзеяў.
- Сп. Хастынгс, як вы можаце пракаментаваць нядаўнюю заяву А. Лукашэнкі пра тое, што ў краіне больш няма палітычных зняволеных?
- Мы лічым, што ў Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя. У пачатку года некаторыя былі вызвалены, і я вітаў гэты крок ды спадзяваўся, што ён можа прывесці да пачатку працэсу адмены і да паляпшэння нашых адносінаў. Аднак Аляксандр Казулін усё яшчэ застаецца за кратамі, зусім нядаўна былі вынесены прысуды адносна апазіцыйных актывістаў Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Нядаўна менскі суд прысудзіў да абмежавання волі яшчэ некалькіх маладых актывістаў. Так што даводзіцца канстатаваць відавочнае: гэтыя факты нельга расцэньваць як бадзёрыя сведчанні на карысць таго, што беларускія ўлады хочуць палепшыць адносіны з ЗША ці Еўрапейскім Звязам.
- А як вы ацэньваеце цяперашнюю сітуацыю з грамадзянінам ЗША Эмануілам Зэльцэрам?
- Нядаўна ў Палаце прадстаўнікоў я распаўсюдзіў заяву, у якой выказаў сваю занепакоенасць тым, як ставяцца да грамадзяніна ЗША Эмануіла Зэльцэра. Я працягваю заклікаць беларускія ўлады забяспечыць яму належную медыцынскую дапамогу, належнае да яго стаўленне і доступ консула. І я заклікаю да яго неадкладнага вызвалення з гуманітарных меркаванняў.