Акцыі Салідарнасці з палітвязнямі прайшлі па ўсёй Беларусі (Фота)
7- 17.06.2008, 12:51
Акцыі Салідарнасці з палітвязнямі і сем'ямі зніклых палітыкаў прайшлі 16 чэрвеня ўвечары у шэрагу гарадоў Беларусі.
Актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і “Маладога Фронту” выказалі сваю падтрымку палітвязьням ў Горадні, Берасьці, Магілёве, Пінску, Салігорску, Бабруйску, Лідзе і шэрагу іншых гарадоў.
У Горадні людзі выйшлі на плошчу каля Фарнага касцёла, што ў самым цэнтры горада. Маладыя людзі трымалі ў руках партрэты Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча, а таксама зніклых грамадскіх дзеячоў нашай краіны. Таксама дэмакратычныя актывісты вывесілі расцяжкі з лічбай "16" і словам "Памятай!" на будынках у цэнтры горада.
У Берасці маладыя людзі сталі ў ланцуг у цэнтры горада, на перакрыжаванні праспектаў Машэрава і Касманаўтаў, і трымалі партрэты маладых людзей, асуджаных па так званай "Справе 14-ці". Пад час акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух удзельнікаў - Яўгена Скрабца і Сяргея Срэднікава, якіх даставілі ў РАУС Ленінскага раёну горада. Але пасля тлумачэнняў, якія забавязалі напісаць затрыманых, іх адпусцілі.
У Дзень Салідарнасьці актывісты Салігорскага Маладога Фронту традыцыйна выйшлі на цэнтральную плошчу горада з партрэтамі зьніклых палітыкаў і палітзьняволеных Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна і Сяргея Парсюкевіча. Акцыя прайшла без затрыманьняў. Нягледзячы на тое, што на плошчы было шмат супрацоўнікаў міліцыі, яны не разганялі моладзь, а толькі здымалі акцыю на відэа.
У Лідзе актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" правялі 16 чэрвеня пікет у падтрымку Івана Шылы і павесілі ў цэнтры гораду расцяжкі "У Беларусі выганяюць са школы за іншадумства" і "Беларусь у Еўропу".
У Пінску моладзь выйшла ў цэнтр гораду з расцяжкай “Свабоду палітвязням!” і партрэтамі палітвязняў і зніклых палітыкаў. Пад час акцыі Салідарнасці быў затрыманы і пакараны за ўдзел у акцыі на 20 базавых велічынь штрафу актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Аляксей Шлома.
У Бабруйску дэмакратычныя актывісты зладзілі акцыю Салідарнасьці з палітвязьнямі каля калоніі, дзе адбывае пакаранне Андрэй Кім.









