9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія законы спрыяюць росту дабрабыту чыноўнікаў

Эканамічная свабода, ценявая эканоміка і карупцыя найцяснейшым чынам пераплеценыя. Чым больш свабоды, тым меншы сектар ценявой эканомікі.

Урад рыхтуе ценявому сектару эканомікі бой. Падобна, «рашучы і бязлітасны». Плануецца выкараніць факты незаконнай дзейнасці і легалізаваць прыбыткі ў розных сферах бізнэсу, пішуць «Белорусские новости».

Распрацаваны праект сістэмы мераў прадугледжвае, у прыватнасці, стварыць умовы для ўліку паслугаў, якія здзяйсняюцца насельніцтву, паведамляе ПРАЙМ-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў органах дзяржкіравання. Гэта кране як фізічных асобаў, так і прадстаўнікоў бізнэсу.

Напрыклад, прапаноўваецца ўвесці маёмасны падатковы вылік па падаходным падатку — у памеры, які грамадзяне выдаткавалі на аплату паслугаў па рамонце жылых памяшканняў, выкананых юрыдычнымі або фізічнымі асобамі. Таксама плануецца рэфармаваць стаўкі падаходнага падатку, перайсці ад прагрэсіўнай шкалы да прапарцыйнай стаўкі, што, па меркаванні ініцыятараў, павінна знізіць зацікаўленасць грамадзянаў хаваць рэальна атрыманыя прыбыткі.

Разглядаецца пытанне аб адмене падатку на паслугі цырульняў, каб знізіць кошты на паслугі легальна працуючых салонаў.

Не намераны ўрад адмаўляцца і ўпадабанага спосабу барацьбы з ценявым абаротам тавараў — маркіроўкі іх кантрольнымі знакамі, па частцы якой Беларусі ў свеце роўных няма.

Як заявіў нядаўна намміністра па падатках і зборам Васіль Каменка, па выніках 2007 года ад вытворцаў і імпарцёраў тавараў, абхопленых маркіроўкай, падатковыя паступленні выраслі ў 2-3 разы.

Маркіроўку прапаноўваецца распаўсюдзіць на кампутарную тэхніку (сістэмныя блокі, ноўтбукі) і часткі, а таксама запасныя часткі і камплектуючыя да аўтамабіляў (акумулятары, шыны). А з пераліку відаў дзейнасці, па якіх выплачваецца адзіны падатак, прапаноўваецца выключыць рознічны гандаль аўтазапчасткамі, а таксама абуткам.

Мяркуецца таксама распрацаваць праект указу прэзідэнта, які прадугледжвае меры па спыненні выплаты прыбыткаў грамадзянам «у канвертах».

Памер ценявой эканомікі, па дадзеных Міністэрствы па падатках і зборах, складае сёння каля 15% ад ВУП (праўда, па меркаванні незалежных экспертаў, гэтая лічба ў некалькі разоў большая). У выніку казна недаатрымлівае каля 6 трыльёнаў рублёў падатковых паступленняў.

Упор на «адбельванне» прыбыткаў будаўнічага сектара робіцца не выпадкова. Штогадовы ценявы абарот будаўнічай галіны Беларусі ацэньваецца ў суму большую за паўмільярды даляраў. Будаўнікі, якія нелегальна аказваюць паслугі па рамонце кватэраў, — даўні галаўны боль падаткавікоў. Зрэшты, гэта не перашкаджае ім карыстацца такімі паслугамі для ўласных патрэб. Бо гэта значна танней, чым у будаўнічых фірмаў.

Аднак грамадзяне з «залатымі рукамі» не выпадкова аддаюць перавагу працаваць без рэгістрацыі фірмы і не дзяліцца з дзяржавай сваім прыбыткам. Ужо занадта накладна. А увядзенне Дзяржстандартам абавязковай сертыфікацыі працаў у будаўніцтве (на малярныя, тынкавыя, абіўныя і іншыя працы) балюча за ўсё ўдарыла як раз па малым бізнэсе, яшчэ больш адпугнуўшы тых, хто збіраўся працаваць па-сумленнаму.

«Уся гэтая сістэма сертыфікацыі, дакументацыі, набыцця прыладаў, навучання кадраў, якая неабходная для працы ў ЧУП, патрабуе дзясяткаў мільёнаў рублёў і часу да двух гадоў», — прыводзіць БЕелаПАН слова прадстаўніка «Саюза прадпрымальнікаў Брэсцкай вобласці» Міхася Петруковіча.

Эканамічная свабода, ценявая эканоміка і карупцыя найцяснейшым чынам пераплеценыя, лічыць эканаміст даследчага цэнтра іПМ Алена Ракава. Чым больш гэтай свабоды, тым меншы сектар ценявой эканомікі. Калі ў краіне адносна невысокі ўзровень падаткаабкладання, няма або зведзеныя да мінімуму адміністрацыйныя бар'еры, працаўніка лёгка і нядорага наняць, плаціць яму заробак або звольніць, а фірму — стварыць або закрыць, то матывацыя прадпрымальнікаў па ўводу сваёй дзейнасці ў цень зведзеная да мінімуму. І наадварот, калі гэтыя і іншыя фактары маюцца ў наяўнасці, то эканоміка будзе імкнуцца да росту нефармальнага сектара.

Складаныя і супярэчлівыя правілы вядзення бізнэсу ў Беларусі, па словах эксперта, прыводзяць да таго, што ўзровень ценявой эканомікі застаецца досыць высокім ужо доўгі час. Так, паводле апытання, праведзенага Даследчым цэнтрам ІПМ, у 2007 годзе 42,5% рэспандэнтаў ахарактарызавалі аб'ём ценявога абароту сваіх прадпрыемстваў да 25%, у 2000 годзе такіх рэспандэнтаў налічвалася 43%.

Ценявы абарот, па меркаванні кіраўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у большай меры прысутнічае ў будаўніцтве, гандлю і грамадскім харчаванні. Што, па меркаванні А.Ракавай, суцэльна лагічна — у гэтых сферах вельмі шмат розных рэгулюючых нормаў, з аднаго боку, а з іншага — у іх прасцей гэтыя нормы абыйсці. Напрыклад, у такіх відах дзейнасці, як адукацыя, транспарт, сувязь нармуючых абмежаванняў менш, і абыйсці іх некалькі цяжэй.

«Законы і рэгулюючыя нормы, якія ўскладняюць прадпрымальніцкую дзейнасць, спрыяюць росту дабрабыту чынлўнікаў і набліжаных да іх фірмаў, а не радавых грамадзянаў. Усе гутаркі аб узмацненні абароны рынка і росце правоў спажыўцоў вядуцца, як гаворыцца, для бедных», — адзначыла эксперт.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках