Аляксей Макаркін: «Лукашэнка не гатовы раптоўна перадаць фінансавы кантроль над Беларуссю ў рукі Масквы»
4- 23.06.2008, 10:06
"Заява афіцыйнага Менска пра гатовасць стварыць разам з Расеяй адзіную валюту - гэта ўсяго толькі рыторыка. Я упэўнены, што пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, Беларусь не пагодзіцца на стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра ў Маскве", - так у інтэрв'ю Стране.Ru віцэ-прэзідэнт Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін пракаментаваў заяву віцэ-прэм'ера Беларусі Андрэя Кабякова.
У канцы мінулага тыдня ў інтэрв'ю "Інтэрфаксу" віцэ-прэм'ер урада Беларусі Андрэй заявіў, што пытанне ўвядзення адзінай валюты "саюзнай дзяржавы" Беларусі і Расеі дагэтуль актуальнае. Пры гэтым, аднак, ён удакладніў, што
"увядзенне адзінай валюты з'яўляецца вяршыняй айсберга ў працы па стварэнню адзінай эканамічнай прасторы" двух краінаў.
Віцэ-прэм'ер Беларусі заявіў, што Масква і Менск спачатку мусяць стварыць зону вольнага гандлю, пасля - Мытны звяз, пасля - адзіную эканамічную прастору. І толькі пасля выканання гэтых умоваў пачаць стварэнне адзінай валюты.
Са словаў Андрэя Кабякова, працэс збліжэння эканомік абедзвюх дзяржаў "стаўся больш доўгім і няпростым, чым бачылася бакам 8 гадоў таму, калі было прынята рашэнне аб увядзенні з 1 студзеня 2008 года адзінай валюты". Так, ён лічыць, што "да цяперашняга часу не створаны роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання двух дзяржаў, не вызначаны дзяржаўны лад і праўная сістэма "саюзнай дзяржавы", а таксама - статут, задачы і функцыі яго адзінага эмісійнага цэнтра".
Віцэ-прэзідэнт Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін не згодны з такім падыходам афіцыйнага Менска. "Беларускі бок любіць казаць, што Расея мусіць стварыць роўныя ўмовы для гаспадарчых суб'ектаў абедзвюх краінаў, - падкрэслівае суразмоўца Страны.Ru. - Гэта значыць такі намёк: вы, маўляў, стварыце спрыяльныя ўмовы для беларускіх прадпрыемстваў, а мы, у сваю чаргу, пойдзем на стварэнне адзінай валюты.
Але нельга забывацца на вядомую прымаўку: раніцай - грошы, а ўвечары - крэслы. Калі Расея пойдзе на саступкі Беларусі наконт яе эканамічных суб'ектаў, то гэта зусім не значыць, што яна зможа дамагчыся ад Менска саступак у пытанні адзінага эмісійнага цэнтра".
Па словах Аляксея Макаркіна, "Лукашэнка не для таго ўсе апошнія гады мацаваў свой рэжым, каб пасля раптоўна перадаць фінансавы кантроль над Беларуссю ў рукі Масквы". "Пазіцыя Беларусі ў пытанні адзінай валюты добра вядомая - прапанавана стварыць два эмісійныя цэнтры: адзін - у Маскве, другі - у Менску. Але расейскі бок гэты варыянт адпрэчвае ад пачатку", - падкрэсліў Аляксей Макаркін.