Расейская нафта падаражэла для беларускіх прадпрыемстваў на 100 даляраў
2- 23.06.2008, 18:07
Кошт імпартаванай з Расеі нафты ў чэрвені павялічыўся для Беларусі амаль на 100 даляраў за тону ў параўнанні з папярэднім месяцам. Як паведаміла ПРАЙМ-ТАСС крыніца ў органах дзяржкіравання, цяпер беларускія прадпрыемствы купляюць нафту па 625 дал/т супраць 530 дал/т месяц таму.
Як раней паведамлялася, Беларусь, паводле дамоўленасці з Расеяй наконт выраўноўвання мытных ставак у дзвюх краінах, з 1 чэрвеня павялічыла экспартную мыту на нафту да 398,1 дал/т, на светлыя нафтапрадукты - да 280,5 дал/т, на цёмныя - да 151,1 дал/т.
Беларускі ўрад узяў на сябе абавязак па павелічэнні вывозных мытных збораў на нафту і нафтапрадукты да расейскага ўзроўня адпаведна з падпісанай 12 студзеня ў Маскве беларуска-расейскай міжурадавай дамовай аб захадах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнай супрацы ў абсягу экспарту нафты і нафтапрадуктаў.
Гэтай дамовай Расея і Беларусь вызначылі стаўкі экспартнай мыты на расейскую нафту, пастаўляную ў Беларусь. Стаўка мыты ў 2007 г разлічвалася праз каэфіцыент памерам у 0,293 ад стаўкі мытнага збору на сырую нафту, вывозную ў далёкае замежжа.
Згодна з падпісанай дамовай у 2008 г стаўка мытнага збору на нафту, экспартаваную ў Беларусь, вызначаецца праз каэфіцыент 0,335 да стаўкі мыты на сырую нафту, вывозную за межы мытнага саюза, у 2009 г – праз каэфіцыент 0,356.