9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатка» зноў разгледзіць закон аб цэнзуры ў інтэрнэце

1

Праект Закона аб СМІ разгледзіць 24 чэрвеня ў другім чытанні "палата прадстаўнікоў".

Пра гэта паведаміў "Інтэрфаксу" у панядзелак член камісіі па правах чалавека, нацыянальным адносінах і СМІ ніжняй "палаты" Сяргей Шлопак.

"Я не ўваходзіў у склад працоўнай групы па падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання, але, наколькі мне вядома, у ім былі ўлічаныя некаторыя папраўкі Офіса АБСЕ і Беларускай асацыяцыі журналістаў", - сказаў "парламентарый". Пры гэтым ён удакладніў, што "не бачыў апошняга варыянту праекта закона".

С.Шлопак не стаў каментаваць прычыны гэткага хуткага разгляду праекта закона "палатай прадстаўнікоў" і магчымасці для яго ўхвалення "саветам рэспублікі" у часе цяперашняй сесіі, якая сканчаецца 28 чэрвеня. "Законапраект увойдзе ў моц не раней, чым праз паўгады. Таму гэты закон ніяк не звязаны з "парламенцкімі" выбарамі", сказаў С.Шлопак.

Нагадаем, законапраект рыхтаваўся на працягу 5 гадоў з падачы Адміністрацыі прэзідэнта ў замкнёным рэжыме. Ён паступіў у беларускую "палатку" толькі 10 чэрвеня і ўжо на наступны дзень была прызначана дата разгляду - 17 чэрвеня.

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала тэкст законапраекта толькі напярэдадні яго разгляду. У пятніцу юрысты БАЖ, прааналізаваўшы праект закона аб СМІ, прыйшлі да высновы, што ў выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, што паставіць іх на мяжу жыцця, а фактычна прывядзе да знішчэння незалежных СМІ у краіне.

Найбольшы клопат выклікае тое, што ўлады змогуць блакаваць усе Інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі. Прычым дзейнасць Інтэрнэт-рэсурсаў будзе рэгулявацца не законамі, а пастановамі Савета міністраў.

Паводле праекту Закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцыяў, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні выданням зможа не толькі Міністэрства інфармацыі, але і любы суддзя, пракурор ці чыноўнік любога райцэнтра.

Раней пра неабходнасць узмацнення жорсткасці заканадаўства аб СМІ неаднойчы выказваліся беларускія чыноўнікі высокага рангу. Так, намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч заяўляла, што сёння ў Беларусі існуе праблема "дэзінфармацыйных плыняў замежных сайтаў, але ёсць досвед Кітая, які перакрыў доступ такіх сайтаў на сваю тэрыторыю".

Дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі президента Алег Праляскоўскі настойвае на "узмацненні адказнасці за інфармацыю ў інтэрнэце" і прапануе ўскласці адказнасць за распаўсюд інфармацыі ў Інтэрнэце не толькі на адміністратара сайта, але і на ўладальніка Інтэрнэт-рэсурсу і правайдэра.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках