«Ведомости»: Крэмль наўрад ці пойдзе да канца адносна Беларусі
9- 24.06.2008, 9:26
Калі завіталы ў госці да Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Мядзведзеў кажа, што "саюзная дзяржава" ёсць, але трэба напоўніць яе рэальным зместам, гэта толькі часткова звыклая дыпламатычная мантра. "Саюзная дзяржава" як абалонка занадта важная, каб яе раней за час напаўняць. Любая змена засведчыла б рэвізію адносінаў, пішуць у рэдакцыйным артыкуле расейскія "Ведамасці".
Між тым у рэальнасці Беларусь і Расея моцна залежаць адна ад другой, лічыць расейскае выданне. Эканоміка Расеі залежыць, у прыватнасці, ад транзіту газу і нафты ў Еўропу праз Беларусь, бяспека заходняй мяжы - ад беларускага войска і адзінай сістэмы СПА (сваю частку Лукашэнка, дарэчы, мадэрнізаваў у 1990-я). З замежнапалітычнага гледзішча Беларусь застаецца ў зоне ўплыву Расеі, і страта такога ўплыву змяніла б імідж і замежнапалітычную ролю Расеі.
Як лічаць "Ведамасці", спробы прасунуцца далей у плане стварэння "саюзнай дзяржавы" значылі б непазбежны замах (хай нават у найстаноўчым сэнсе) на суверэнітэт Беларусі, які ў значнай ступені ёсць суверэнітэтам Лукашэнкі. Агучваныя ім час ад часу заявы пра інтэграцыю ў Еўропу ці інтэграцыю з Кітаем, вядома, не далей ад рэчаіснасці, чым "саюзная дзяржава", але ясна, што свой суверэнітэт беларускі кіраўнік прадасць дорага.
Так што, нягледзячы на пэўную меркантылізацыю расейскай палітыкі адносна "братэрскай" дзяржавы, Крэмль наўрад ці (пакуль) пойдзе да канца, піша газета. У пачатку 2007 г. Расея ўвяла для Беларусі экспартную мыту на нафту, затое ў канцы прапанавала крэдыты на суму $3,5 млрд, чым збянтэжыла беларускага міністра фінансаў, які прызнаўся, што яго краіна "мела жаданне мець менш".
Такім чынам, "саюзная дзяржава" - зарэзерваваная (ці замарожаная) гісторыя. Яна можа атрымаць штуршок да развіцця альбо пасля палітычных зменаў у Беларусі, альбо ў выпадку выйсця Расеі і ЕЗ на новы этап узаемаадносінаў, робяць выснову "Ведамасці".