9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З тэлеэфіру збіраюцца прыбраць забаўляльныя праграмы

24

«Дэпутаты» прапаноўваюць стварыць камісію, якая будзе правяраць маральны ўзровень вядоўцаў забаўляльных тэлеперадач. Аб гэтым заявіла «Еўрарадыё» дэпутат «палаты прадстаўнікоў» Галіна Мазуркевіч.

Падчас абмеркавання законапраекта аб СМІ яна раскрытыкавала маральны стан беларускага тэлебачання. «Гэта не тая крыніца або носьбіт культурных каштоўнасцяў, які трэба дэманстраваць на ўсю краіну з ягонымі пахабнымі, бруднымі, агіднымі анекдотамі. Наконт таго, каб пасмяяцца, хто якім чынам апаражняецца, — ну, гэта не самае актуальнае пытанне сёння для нашага грамадства. Культурныя і інтэлігентныя людзі не кажуць аб гэтым услых і на ўсю краіну», - выказала сваё меркаванне Мазуркевіч.

У гэтай сувязі яна прапанавала зняць з эфіру перадачы Рамана Трахтэнберга, “Нашу Беларашу” і шэраг іншых праектаў, у якіх, па яе меркаванні, гучаць непрыстойныя жарты.

Па словах Галіны Мазуркевіч, варта стварыць камісію, якая будзе ацэньваць узровень маральнасці журналістаў у такіх перадачах. «Я бы пачынала не з перадач, а з тых, хто іх рыхтуе. Мне здаецца, калі чалавек бярэцца весці нейкую перадачу, то глядзець трэба на ягоныя маральна-этычныя якасці. Я б, напэўна, прапаноўвала туды людзей, блізка знаёмых з этыкай, эстэтыкай», - лічыць Мазуркевіч.

Падобныя ідэі «народных» выбраннікаў у Беларусі хутка ажыццяўляюцца. Таму «Еўрарадыё» пацікавілася ў вядоўцаў забаўляльных перадач, як яны ставяцца да такой ідэі.

Вядоўца беларускага “Comedy Club” Яўген Булка ўпэўнены, што ідэя стварэння такой камісіі бессэнсоўная. «Гэта тое ж самае, што прызначаць супрацоўнікаў на тытунёвую фабрыку або параўноўваць анекдоты з «Вайной і мірам» Льва Талстога», - кажа вядучы “Comedy Club”.

Удзельнік перадачы “Наша Белараша” Васіль Анціпаў упэўнены, што пахабных жартаў у іх перадачы няма і, наогул, існуе ўнутраная цэнзура, таму знешняя будзе лішняй.

«Рэдактарская цэнзура ў нас вельмі добрая. У нас жа галоўны рэдактар Марфін Міхаіл Навумавіч. Гэта былы рэдактар вышэйшай лігі маслякоўскага КВЗ. Ну, мы і самі рэальна разумеем, што перадачу людзі глядзяць. Яе, у прынцыпе, могуць і дзеці глядзець. Калі казаць аб “Нашай Беларашы”, то там наогул няма ніякіх пошласцяў», - кажа Анціпаў.

Вядоўца “Comedy Club” Жэня Булка лічыць, ёсць просты выхад з узніклай праблемы – любы пахабны жарт заўсёды можна "запікаць". А не абцяжараныя «маральнымі» асновамі гледачы могуць не хвалявацца – любую перадачу сёння можна паглядзець у Інтэрнэце без купюр.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках