Сідорскі: «Пачынаецца другая цукровая праблема»
7- 25.06.2008, 8:56
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі здзівіўся з нагоды намера Расеі зладзіць антыдэмпінгавы разгляд імпарту сухога малака з Беларусі.
"Мяне здзівіла заява першага намесніка прэм'ер- міністра спадара Зубкова, які сказаў, што Беларусь працягвае дэмпінг сухім малаком", - заявіў Сідорскі ў часе сустрэчы з дзяржсакратаром "саюзнай дзяржавы" Беларусі і Расеі Паўлам Барадзіным.
"Я ў асабістай гутарцы з ім (Віктарам Зубковым - ІФ), а таксама ў дасланым лісце адзначыў, што дэфіцытны тавар мы можам прадаць на любым рынку. А то (у Расеі - "Інтэрфакс") дайшлі да таго, што прызначаюць антыдэмпінгавы разгляд", - дадаў прэм'ер- міністр Беларусі.
Ён падкрэсліў, што "міжурадавымі пагадненнямі мы дамовіліся, што даем сухое абястлушчанае малако (САМ) крыху ніжэй па кошце для рэалізацыі праграмаў сацыяльнай падтрымкі ў Расеі, а ўсё астатняе пастаўляецца праз біржу". "Ніхто нікому ні ў правую, ні ў левую руку САМ не кладзе", - сказаў С.Сідорскі.
Пры гэтым ён незадаволена адзначыў, што "пачынаецца другая цукровая праблема". "Я гэтую тэму (пастаўкі САМ у Расею - ІФ) у любым выпадку буду абмяркоўваць ва ўрадзе РФ", - заявіў С.Сідорскі.