Перамовы Лукашэнкі і Юшчанкі сарваныя?
6- 26.06.2008, 8:41
Перамовы кіраўнікоў Беларусі і Украіны, якія адкладаліся ад 2006 года, падобна, зноў сарваныя, піша расейская «Независимая газета».
Украінскі бок планаваў, што Юшчанка сустрэнецца з Лукашэнкам адразу ж пасля цяперашняга дзяржаўнага візіту ў Кіеў прэзідэнта Латвіі Валдзіса Затлерса і перад самітам ГУАМ у Баку.
Перамовы з беларускім лідэрам, з інфармацыі СМІ, плануецца зладзіць у Чарнігаве 27 чэрвеня. У гэты дзень у Маскве запланавана паседжанне «саюзнага» Саўміна.
Тэарэтычна Менск мог бы скарыстацца напаўафіцыйнай сустрэчай Лукашэнкі і Юшчанкі як сродкам ціску на Маскву. Але ў апошні момант вырашыў не рабіць гэтага: беларускія чыноўнікі сцвярджаюць, што сустрэча двух прэзідэнтаў у Чарнігаве зусім не планавалася, украінскія – што Лукашэнка папрасіў перанесці перамовы з Юшчанкам на першую палову ліпеня.
Да таго моманту беларускі кіраўнік, як чакаецца, ужо будзе прыняты Дзмітрыем Мядзведзевым. На дыпламатычнай мове такі парадак сустрэчаў прадэманструе, што Лукашэнка ў лаяльным настроі адносна Масквы, хоць і пачуваецца досыць незалежна, каб матляць нервы расейскаму кіраўніцтву, адзначаюць ва ўкраінскім МЗСе. Чыноўнікі дадаюць, што беларускі прэзідэнт, які раней крытыкаваў энергетычную палітыку Расеі, цяпер спрабуе адыграць назад, каб супакоіць Маскву. Так, не выключана, што Лукашэнка прапануе Юшчанку сустрэцца ў кулуарах імпрэзы 10-годдзя Астаны і адначасова дня народзінаў прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева – запрашэнне на 6 ліпеня атрымалі ўсе прэзідэнты СНД.
Украінскія чыноўнікі ўчора адзначалі, што пакуль няма інфармацыі пра тое, ці паедзе Юшчанка ў Астану і ці там пройдзе яго даўно анансаваная сустрэча з Лукашэнкам. Калі так, то перамовы ператворацца ў пустую фармальнасць, кажуць яны. Бо меркаваліся паўнавартасныя перамовы наконт уключэння Беларусі ў новую сістэму энергабяспекі, выбудаваць якую ў СНД спрабуе Украіна. А у межах свята можа адбыцца ў лепшым выпадку свецкая гутарка, якая для Юшчанкі не мае сэнсу.
Нагадаем, украінскі бок выступіў ініцыятарам сустрэчы Юшчанкі і Лукашэнкі тры гады таму, у разгар беларуска-расейскага газавага канфлікту. Беларускі кіраўнік учыніў шэраг публічных закідаў Газпрому і расейскаму кіраўніцтву. Асабліва ён закцэнтаваў жаданне Менска падлучыцца да праекту нафтаправода Адэса–Броды ў кантэксце паставак каспійскай нафты ў Еўропу. Беларусь, як меркавалася, магла б частку нафты перапрацоўваць на сваіх НПЗ. Лукашэнка прыстрашыў расейскіх пастаўцаў: "Знойдуцца кампаніі, якія прыйдуць на нашыя прадпрыемствы са сваёй нафтай, але гэта будзе самая вялікая небяспека для Расеі, таму што гэта прывядзе да страты традыцыйных еўрапейскіх рынкаў, а еўрапейскі рынак – высокапрыбытковы рынак для Расеі". У той момант Менск пачаткаў рыхтаваць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне для будаўніцтва перамычкі Бабовічы–Касцюковічы, якая дазволіць пастаўляць нафту ад маршруту Адэса–Броды асобнай галінкай на Наваполацк і далей на Вентспілс (партовы горад у Латвіі).
На сёння ўсе дакументы для стварэння беларускай галінкі нафтаправода гатовыя. Аднак Украіна не спяшаецца спыніць супрацу з ТНК-ВР, якая часова эксплуатуе недабудаваны нафтаправод у зваротным кірунку. Рэч у тым, што Казахстан, які раней разглядаўся як прынцыпова важны ўдзельнік праекту, паслядоўна займае арыентаваную на Расею пазіцыю. Азербайджан, падобна, не гатовы цалкам загрузіць нафтаправод. Польшча так і не дабудавала свой участак маршруту, каб забяспечыць рэгулярныя пастаўкі каспійскай нафты ў Еўропу. А Беларусь, якая б магла перапрацоўваць частку нафты і прадаваць прадукцыю Украіне і краінам Балтыі, увесь час змяняе пазіцыю.
Яшчэ нядаўна Лукашэнка абяцаў, што наладзіць супрацу з амерыканскімі і еўрапейскімі кампаніямі, а таксама пагодзіцца ўдзельнічаць у новых газавых і нафтавых транзітных ініцыятывах Украіны. А 15 траўня ў інтэрв'ю агенцтву Reuters беларускі кіраўнік цвёрда засцярог Еўразвяз ад падтрымкі амерыканскіх эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Ён абвінаваціў Захад у спробе разбурыць "энергетычны мост", якім яго краіна з'яўляецца паміж Расеяй і краінамі ЕЗ.
Цікава, што менавіта ў той дзень, калі было апублікавана інтэрв'ю Лукашэнкі, Юшчанка затэлефанаваў беларускаму калегу і прапанаваў правесці даўно адкладаную сустрэчу. У траўні дата не была вызначана, але ўкраінскі прэзідэнт паабяцаў: перамовы з Лукашэнкам адбудуцца на працягу месяца. Чакалася, што да моманту дзяржаўнага візіту Валдзіса Затлерса ў Кіеў ужо будуць гатовы нейкія папярэднія дамоўленасці аб удзеле Менска ва ўкраінскай ініцыятыве новай сістэмы энернгабяспекі. Так, прэзідэнцкая прэс-служба да візіту латвійскага прэзідэнта паведамляла, што з вынікаў кіеўскіх перамоваў будуць "вызначаны шляхі паскарэння наступнага фармавання Каспійска-Чарнаморска-Балтыйскай энергатранзітнай прасторы, стварэння транспартнага калідора паміж Чарнаморскім і Балтыйскім рэгіёнамі". Пасля гэтага Юшчанка збіраўся развіць ініцыятыву ў Баку, у рамках саміту ГУАМ, меркаванага ў выглядзе пэўнага працягу травеньскага саміту па энергабяспецы, які адбыўся ў Кіеве.
Некаторыя ўкраінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што для беларускага прэзідэнта быў падрыхтаваны "пернік" у выглядзе новых выгадных прапановаў аб пастаўках украінскай электраэнергіі. Раней Беларусь купляла больш за 2,5 млрд. квт на суму 50 млн. дал., плануючы давесці аб'ём імпарту да 3,5 млрд. квт. Аднак летась Менск быў гатовы наогул адмовіцца ад украінскай электрычнасці праз падвышаныя Кіевам кошты. Да перамоваў Юшчанкі і Лукашэнкі рыхтаваліся новыя, зручныя для Беларусі прапановы, сцвярджаюць галіновыя чыноўнікі. Вядома толькі пра планы аднавіць савецкія лініі электраперадачы (у прыватнасці, Чарнігаў–Гомель), каб павялічыць пастаўкі ўкраінскай электраэнергіі ў Беларусь. Да таго ж, вялося нібыта пра будаўніцтва новай лініі – ад украінскай Ровенскай АЭС да беларускага горада Мікашэвічы. Гэты праект тэарэтычна дазволіў бы перадаваць украінскую электрычнасць у Польшчу, Літву, Латвію.
Нягледзячы на прывабнасць сяброўства Беларусі з новай энергетычнай супольнасцю на чале з Украінай, афіцыйнаму Менску хапіла намёку з боку Расеі, каб адмовіць у падтрымцы Юшчанку. Нагадаем, на гэтым тыдні першы намеснік старшыні ўрада РФ Віктар Зубкоў даручыў Мінэканамразвіцця разгледзець сітуацыю з пастаўкамі сухога малака ў Расею і коштавую палітыку Беларусі на малочным рынку: пастаўкі могуць быць абмежаваныя, хоць чакаецца, што пытанне будзе разгледжана ў часе паседжанняў саюзнага Саўміна. На такім фоне беларускі лідэр вырашыў, мабыць, не раздражняць Маскву. Хаця яшчэ зусім нядаўна сам заклікаў патэнцыйных саюзнікаў процістаяць Расеі.
Украінскія эксперты даўно папярэджвалі ўладу, што Лукашэнка ненадзейны партнёр. Палітолаг Андрэй Ермалаеў раней сцвярджаў, што Менск толькі гуляе ў антырасейскую пазіцыю, каб "астудзіць агрэсіўную расейскую палітыку ў абсягу энерганосьбітаў".