9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Моладзевага актывіста два тыдні «аглядаюць» у псіхадыспансеры

1

Актывіст моладзевай арганізацыі "Грамадзянскі форум" Арцём Забарын ужо два тыдні знаходзіцца ў Менскім гарадскім псіханеўралагічным дыспансеры. Туды яго скіравалі з ваенкамата, дзе ён праходзіў агляд медкамісіі.

За ўвесь гэты час у дыспансеры яму зрабілі толькі энцэфалаграму мозгу і ўзялі два аналізы крыві. Медыкаў цікавіла не здароўе пацыента, а яго грамадская дзейнасць. Загадчыца дыспансера Наталля Отчык спрабавала высветліць, у якія арганізацыі ўваходзіць Арцём, ці збіраецца ён удзельнічаць у выбарах, запытвала пра яго сувязі ў палітыцы, паведамляе сайт www.ucpb.org.

Як паведамлялася раней, у ваенкамат Арцёма выклікалі пасля паездкі ў Грузію, дзе ён назіраў за выбарамі. У ваенкамаце яго чакаў супрацоўнік КДБ Леанід Жыдлоўскі, які прапанаваў Арцёму Забарыну расказаць аб сваёй дзейнасці і дзейнасці калегаў. Апрача "Грамадзянскага форума", Арцём таксама ўваходзіць і ў аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу. Леанід Жыдлоўскі запытваў таксама пра праграму Кастуся Каліноўскага, праз якую Артeм збіраецца вучыцца ў Польшчы.

"Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў ваенкамаце яшчэ не ведаюць, што я адлічаны з ВНУ, - адзначыў Арцём. - І прапанаваў распавесці "аб усім". Тады ніякіх праблемаў не будзе: ён не скажа ваенкаму, што я адлічаны, і я змагу вучыцца па праграме Каліноўскага. Я не стаў адказваць ні на якія пытанні".

Леанід Жыдлоўскі адвёў моладзевага актывіста да ваенкама. Яму выдалі позву з выклікам на медкамісію 13 чэрвеня. Са словаў Арцёма, у яго хворае сэрца. Аднак лекар ваенкамата заявіў, што хлопец здаровы. З ваенкамата яго выправілі на агляд у псіханеўралагічны дыспансер.

Арцём Забарын зрабіў УГД у кардыялагічным цэнтры па вуліцы Кунцаўшчына, дзе пацвердзілі яго праблемы са здароўем.

Як распавёў сайту ucpb.org моладзевы актывіст, ціск адносна яго пачаўся яшчэ ад прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. "Ва ўніверсітэце мяне абшуквалі міліцыянт і намеснік дэкана, - распавёў Арцём. - Дэкан выклікаў да сябе, распытваў пра мой удзел у мітынгах і "незарэгістраваных арганізацыях". У 2007 годзе з фармулёўкай "за непаспяховасць" мяне адлічылі з БНТУ, дзе я завочна вучыўся на механіка-тэхналагічным факультэце. Потым я мусіў звольніцца з працы".

Моладзевага актывіста паабяцалі выпісаць 26 чэрвеня. Вынікі агляду ў псіханеўралагічным дыспансеры Арцёму пакуль не паведамілі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках