За паслухмянасць Лукашэнка прызначае «дэпутатам» добрыя пенсіі
15- 26.06.2008, 13:19
Заканчваюцца паўнамоцтвы “дэпутатаў” цяперашняга беларускага “парламенту”. Некаторыя з іх атрымаюць права выхаду на пенсію па ўзросце. Праблем з фінансамі ў іх, вядома, не ўзнікне — яны, як і іх калегі, якія апынуліся на адпачынку год-два таму, будуць мець у месяц не менш за два мільёны 200 тысяч рублёў.
У той жа час у рабочага, які адстаяў ля гарачай сталеплавільнай печы 40 гадоў, пенсія ледзь-ледзь перавышае 400 тысяч рублёў, а ў былога калгасніка не дасягае і гэтай лічбы. А колькі людзей маюць пенсію ў памеры ўсяго 180—300 тысяч рублёў.
"Народная воля" вырашыла пацікавіцца, як разлічваюць пачуваць на пенсіі тыя “парламентары”, якія пасля заканчэння паўнамоцтваў выйдуць на адпачынак і будуць, у адрозненне ад асноўнай масы людзей, мець нармальны дастатак. Пытанне, з якім газета звярнулася да “дэпутатаў”, прагучала так: "Вам не сорамна будзе атрымліваць пенсію памерам больш за тысячу долараў, калі ў асноўнай масы людзей яна ў 6—10 разоў меншая?"
Сяргей Касцян, намеснік старшыні па міжнародных справах і сувязях з СНД:
— Лічу, што высокая пенсія ў “дэпутатаў” — нармальная з'ява. Так ва ўсім свеце. А колькі я буду атрымліваць, не ведаю. Тое, што нехта нейкія лічбы называе, не азначае, што ўсе “дэпутаты”-пенсіянеры будуць столькі атрымліваць. Усё па рашэнні “прэзідэнта”…
Ганна Бурава, намеснік старшыні камісіі па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі:
— Магчыма, пенсія “дэпутатаў” не маленькая, але яна значна меншая за пенсіі “дэпутатаў” другіх краін. (Але ж там і пенсіі ў звычайных людзей у дзесяткі разоў большыя, чым у нас. — Рэд.)
Лілія Кашанкова, член камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе:
— Каментаваць ваша пытанне не буду таму, што яшчэ рана гаварыць пра пенсіі “дэпутатаў” 3-га склікання. Папярэдні указ Лукашэнкі тычыўся толькі нашых калег з папярэдніх “дэпутацкіх” складаў.
Вольга Абрамава, член камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце:
— Якраз зараз я займаюся афармленнем дакументаў на пенсію. І, мяркуючы па ўсім, мая пенсія будзе складаць каля 400 тысяч беларускіх рублёў з улікам майго працоўнага стажу. Таму і разважаць на гэтую тэму я буду толькі пасля верасня…
Ларыса Вершаловіч, член камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання:
— Думаю, што наўрад ці я буду атрымліваць такую пенсію. Наколькі мне вядома, не ўсім яна прызначаецца, і ўвогуле пытаннем пенсіі я не займалася глыбока, таму што некалькі гадоў у запасе ў мяне яшчэ ёсць. Але ж, вядома, хацелася б, каб усе беларусы атрымлівалі большую пенсію.