Расейскія алігархі чакаюць, калі Лукашэнка дазволіць прыватызацыю асноўных галін
2- 26.06.2008, 14:56
Улады Беларусі пакуль не гатовыя да прыватызацыі сваіх асноўных галін — такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю маскоўскаму выданню "Коммерсантъ" прэзідэнт расейскай нафтавай кампаніі "Лукойл" Вагіт Алекпераў.
Адказваючы на пытанне, ці вядзе "Лукойл" перамовы па ўдзеле ў абвешчанай беларускімі ўладамі прыватызацыі прадпрыемстваў "Нафтан" і "Палімір", Алекпераў адзначыў: беларускі бок не гатовы да таго, каб пачаць прыватызацыю сваіх асноўных галін. "Але мы заўсёды гатовыя вярнуцца да гэтага пытання і пачаць лічыць эфектыўнасць набыццяў з улікам заканадаўчых актаў, якія будуць прынятыя ў рамках гэтай прыватызацыі", — сказаў В.Алекпераў. "Хаця сёння такіх перамоваў не вядзем", — дадаў ён.
БелаПАН нагадвае, што 20 мая намстаршыні канцэрна "Белнафтахім" Міхаіл Асіпенка паведаміў, што да канца 2008 года канцэрн занясе ва ўрад прапанову аб продажы акцый прадпрыемстваў ААТ "Палімір" і "Нафтан". Па ягоных словах, продаж акцый будзе ажыццяўляцца "адзіным пакетам". "Мы лічым мэтазгодным разглядаць "Палімір" разам з "Нафтанам", паколькі гэтыя два прадпрыемства будаваліся ў вызначанай меры ано для аднаго", — растлумачыў М. Асіпенка, адзначыўшы, што "Палімір" менш цікавы для інвестараў, чым "Нафтан".
Аднак 30 мая прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што ўрад не ставіць задачу прыватызаваць буйныя прадпрыемствы. "Мы праводзілі і праводзім акцыянаванне гэтых прадпрыемстваў як элемент прыватызацыі", — заявіў кіраўнік урада. Разам з тым, паведаміў ён, перамовы з патэнцыйнымі інвестарамі адносна прыватызацыі буйных прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу "Нафтан" і "Палімір" працягваюцца.