Штраф за заклік да далучэньня Беларусі да Эўразьвязу
- 30.06.2008, 10:50
Суд Ленінскага раёну Берасьця аштрафаваў актывіста грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Івана Стасюка на 70 тысяч рублёў.
Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін паведаміў “Радыё Свабода”, што Іван Стасюк распаўсюджваў у мінулую нядзелю ўлёткі з заклікамі за ўваходжаньне Беларусі ў Эўразьвяз.
“Міліцыянты сачылі за юнаком і груба затрымалі: заламалі рукі, заштурхалі ў аўтамабіль, – адзначае Ўладзімер Вялічкін. Да раніцы актывіста трымалі ў пастарунку, а ў 10 гадзінаў канваіравалі ў суд”, -- паведаміў актывіст.
Нагадаем, што ў Гародні 28 чэрвеня таксама былі затрыманыя актывісты “Эўрапейскай Беларусі”. У іх канфіскавалі подпісы за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз.